“Не расстраляная паэзія” ў Горадні
29 кастрычніка а 22 гадзіне ў “Цэнтры гарадскога жыцця” (Ідэйная прастора Гародні) адбылася вечарына памяці расстралянай у 1937 годзе беларускай інтэлегенцыі “Не расстраляная паэзія”.
Удзельнічалі артысты гарадзенскіх тэатраў – драматычнага, лялечнага, фрык тэатра “Гексаген”, тэатра агня “Ergo bibamus”. Вечарына адбылася ў форме эцюднага спектаклю. Гучалі вершы Тодара Кляшторнага, Юлія Таўбіна, Валера Маракова, Юркі Лявоннага, Ізі Харыка, Алеся Ляжневіча, Міхася Чарота, Алеся Дудара, Анатоля Вольнага, Зямы Піваварава.
Сродкі ахвяраваныя ўдзячнымі гарадзенцамі накіраваныя на дапамогу зачыненаму з-за ціску ўладаў цэнтру развіцця і адпачынку “Партал”, які актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы імпрэзы і падтрымліваў тэатральны і грамадскі рух, а таксама, часткова, рэпрэсаваным артыстам.
Тэатральная суполка вольных артыстаў Горадні працягвае сваю працу і рыхтуе новыя імпрэзы і сустрэчы.
Мерапрыемства прайшло пад эгідай Беларускага фонда культурнай салідарнасці.
"Без падтрымкі фонда я не ўпэўнены, што здолеў бы сабраць нашу гарадзенскую суполку! Вельмі добра, што з'явілася такая ініцыятыва па яднанню творцаў, гэта моцны штуршок нам на месцах і ў падполлі, якія сядзелі і думалі, што мы адны... Гэта вялікая падзея! І я ўдзячны ад усяго сэрца стваральнікам фонда", - кажа адзін з гарадзенскіх актывістаў, рэжысёр Васіль Калач.
Прысутнічала амаль сто чалавек гледачоў. І артысты і публіка былі ўражаныя і з’яднаныя болем, сумам і натхеннем цудоўных вершаў і музыкі. Гадзінны спектакль пасля паклёну перайшоў у бяседы сяброў – людзі не разыходзіліся больш за гадзіну пасля заканчэння.
КАМЕНТАВАЦЬ