Іншы Менск: музыкі з васьмі краінаў запісалі прысьвячэньне беларускай сталіцы (спампаваць)
2681 / 0
14.03.2014

Іншы Менск: музыкі з васьмі краінаў запісалі прысьвячэньне беларускай сталіцы (спампаваць)

Лэйбл Haze выдаў складанку «Sound Interpretation: Minsk», у якую ўвайшлі 33 трэкі ад музыкаў з васьмі краінаў.

Як патлумачыў Tuzin.fm завадатар праекту Дзьмітры Ладзес, мэта перад удзельнікамі «Sound Interpretation» стаяла такая: «Музыкі меліся стварыць кампазыцыю, у якой бы адлюстроўвалася іх успрыманьне Менску. Гэта асэнсаваньне гораду праз мову гуку і рытму». У выніку адкрытага адбору ў рэліз трапілі 33 кампазыцыі рознай скіраванасьці. Прычым як ад жыхароў беларускай сталіцы, так і віртуальных гасьцей. На сайце лэйблу загадзя былі зьмешчаныя запісаныя гукі гораду, якія кожны мог скарыстаць у сваім творы.

Акрамя досыць вядомых музычных экспэрымэнтатараў зь Беларусі, як Віктар Сямашка, Улад Бубен, «Князь Мышкін» у праекце ўзялі ўдзел галяндцы ferrie=differentieel, амэрыканцы sanefiftyfour, французы My Own Cubic Stone ды іншыя. Паведамляецца, што другая частка праекту будзе прысьвечана Бэрліну і ў ёй таксама могуць узяць удзел усе ахвочыя музыкі.

Спампаваць альбом можна бясплатна на сайце лэйбла.

Tuzin.fm