«Краму» ўзнагародзяць за альбом «Хворы на рок-н-рол»
Гурт «Крама» стаў пераможцам у намінацыі «За ўнёсак» прэміі Rock Profi за альбом «Хворы на рок-н-рол». Уручэньне адбудзецца 24 красавіка.
Менавіта «Краме» аддалі свае галасы большасьць музыкаў у намінацыі «За ўнёсак» у сувязі з 20-годзьдзем дэбютнага альбому «Хворы на рок-н-рол», якое адзначалася ў 2013 годзе. Гэта адзін з найбольш уплывовых дыскаў у гісторыі беларускай рок-музыкі, куды ўвайшлі гіты «Хворы на рок-н-рол», «Бяжы, хлопец», «Выпі са мной да дна», «Будзь разам з намі». Першапачаткова альбом быў запісаны на ангельскай. Але музыкі вырашылі таксама зрабіць беларускамоўны варыянт. Ангельскамоўны рэліз выйшаў у Вялікабрытаніі на СD пад назвай «Vodka on Ice», але яго прасоўваньне правалілася праз тое, што беларускім музыкам не далі дазволу на працу і яны ня здолелі прыехаць у Лёндан.
У межах цырымоніі ў клюбе Tarantino 24 красавіка «Крама» дасьць гадзінны настальгічны канцэрт. Намінанты ў астатніх пяці катэгорыях Rock Profi будуць абвешчаны на гэтым тыдні. Прэмія Rock Profi ладзіцца сярод музыкаў у стылістыцы рок, індзі, альтэрнатыва другі год запар. Ад іншых цырымоніяў яна адрозніваецца тым, што найлепшыя песьні, альбомы, запісы і выканаўцаў абіраюць самі музыкі.
Tuzin.fm
На колькі памятаю, ў кніжцы "Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола" напісана, што альбом запісваўся на студыі Песьняроў і ў Мазыры. А тут у артыкуле напісана, што альбом запісаны першапачаткова на ангельскай. На "Будзьма беларусамі" пададзена інтэрвію Варашкевіча, дзе ён расказвае пра гэта. Хацелася б пабачыць артыкул, дзе распявядзецца, як насамрэч ствараўся гэты альбом у сувязі з новымі успамінамі ўдзельнікаў.
Блытаніна сапраўды ёсьць, бо песьні з "Хворага..." пачалі пісацца пры канцы 91-га на студыі "Песьняроў", а ў 93-м праца была працягнута ў Мазыры. Песьні першапачаткова існавалі ў беларускім варыянце, а для ангельскага выданьня былі перакладзены Аляксеем Казлоўскім. Пры гэтым, можна меркаваць, шэраг песень упершыню быў запісаны якраз у ангельскамоўным варыянце, а некаторыя проста існавалі паралельна з вакалам па-беларуску і па-ангельску.
“Здраднік” і “Выпі да дна” дык наогул не ўпісаліся ў англамоўны кантэкст, таму былі замененыя на “Baby” (“Мілка”) і “New day”, якіх на беларускай вэрсіі альбома няма. Потым ужо ў беларускае перавыданьне ангельскай вэрсіі ў 2003 уключылі "Drink with Me".
Быць можа, адбудзецца калі-небудзь перавыданьне кнігі "Залатыя дыскі", дапоўненае новымі фактамі.
А ці існуюць беларускія вэрсіі “Baby” і “New day”? Апошняя вельмі прыгожая! І яшчэ. Ігар Варашкевіч у інтэрвію казаў, цытую: "Мы прапісалі трэкі ў Мазыры, а потым аддалі на зьвядзеньне і мастэрынг у Англію. Паралельна цішком ад англічан скапіявалі запісы, дапісалі да іх вакал на беларускай і вось такім чынам атрымаўся “Хворы на рок-н-рол”". Але па гуку яны прыкметна адрозьніваюцца («Vodka on Ice» гучыць як адно цэлае, а вось у "Хворым" заўважны падзел)! Розны мастэрынг?
Было запісана багата матэрыялу ў гэты час, і некаторыя песьні мелі некалькі варыянтаў, таму і розьніца адчувальная ў гучаньні альбомаў. Выглядае, што і майстарынг рабіўся для ангельскага выданьня іншы. Пра беларускія варыянты “Baby” і “New day” варта ў Варашкевіча ўдакладніць, але дагэтуль пра іх існаваньне нічога невядома, былі б - уключылі б у перавыданьне 2003.
А ў астатнім, вельмі шкада, што "Краме" не пашанцавала зь візамі ў Брытанію:(
Дзякуй вялікі за адказы! Мо будзе нагода ўзяць інтэрвію ў Ігара Варашкевіча, запытайце, як ствараўся "Хворы" :)
КАМЕНТАВАЦЬ