Shuma — машына зь вечным рухавіком
Гурт Shuma запісаў знакавы альбом ня толькі для беларускай фольк-плыні, але і для ўсёй нашай музыкі.
Калі Руся расчаравалася ў рок-музыцы і занялася фольк-сьпевамі, то падалося, што гэта проста часовая схованка. Для такіх, як яна, гэты кірунак хіба пасуе для таго, каб пераседзець цяжкую часіну і захаваць пры гэтым сваю самасьць, а потым вярнуцца да сучаснасьці. Да фольку — калі гэта не жыцьцёвае пакліканьне — зьвяртаюцца тыя, каму няма чаго сказаць у аўтарскім пляне (праз творчы крызіс і дэпрэсію, альбо проста за адсутнасьцю таленту) альбо тыя, хто знаходзіцца ў вечным пошуку. У Русі было спалучэньне абодвух варыянтаў. Колішняя «рок-князёўна» ўпрыгожыла праект Ірэны Катвіцкай Akana, але роля «адной з…» не адпавядала яе харызьме, таму натуральным чынам нарадзіўся сольны праект Shuma, які доўгія чатыры гады падбіраўся да гэтага альбому. Музыкі зайшлі на рызыкоўную тэрыторыю электроннай музыкі, на якую нага беларускіх музыкаў хоць і ступала, але было гэта настолькі даўно, што тыя экспэрымэнты ўжо таксама можна палічыць за архаіку. А рызыкоўную, таму што нешта ўдалае ў сутыкненьні фольку з электроннай музыкай выходзіла зрабіць у адзінак. У большасьці ж выпадкаў атрымлівалася пошла, прэсна, млосна.
Сказаць сваё слова і прапанаваць нешта новае ды ўцямнае ў беларускім фольку вой як няпроста. Прыцягнуць увагу новай аўдыторыі да даўніх сьпеваў — задача цяжкавыканальная. У Русінага праекту атрымалася зрабіць і першае, і другое. Яны запісалі знакавы альбом ня толькі для беларускай фольк-плыні, але і для ўсёй нашай музыкі. Зроблена ўсё зь неверагодным размахам, вынаходлівасьцю і любоўю. Уражаньне рыхтык такое, як падчас першага знаёмства з творчасьцю, скажам, Depeche Mode, калі музыка забірае цябе з сабой у нязьведаны сусьвет і моцна карціць застацца там надоўга.
Удзельнікі Shuma досыць вольна і сьмела (але з павагаю і трымценьнем) абыходзяцца з матэрыялам. І ў іх выпадку рызыка апраўдваецца. Шаблёны разрываюцца і атрымліваецца цалкам самастойны аўтарскі прадукт. Яны ламаюць звыклы музычны малюнак фольк-сьпеву (пры захаваньні глыбіннай энэргетыкі), разьбіраюць яго на часьцінкі і зьбіраюць ужо наноў, напаўняючы творы іншымі сэнсамі, часам ім не ўласьцівымі. Самы красамоўны прыклад у альбоме, напэўна, трэк «У бары сосна», які перасабраны такім чынам, што нібы нават пазбаўляецца звыклай беларускай аўры — і што там пяецца ў рэфрэне і на якой мове, ужо ня скажа ніхто. Часам сапраўды словаў песень «Шумы» не злавіць і сэнсу не ўхапіць нават слухачу, абазнанаму ў тэме. Можа падацца, што пекныя дзяўчаты проста чытаюць нарасьпеў літары з альфабэту пад разумную танцавальную музыку. Між тым, праект працуе на іншым узроўні ўспрыманьня і мэтаў сваіх дасягае напоўніцу. Проста слухача ён прыводзіць да разуменьня іншымі сьцежкамі, і сэнс праяўляецца пакрысе. Каб адчуць напоўніцу «эфэкт Шумы», трэба бачыць іх жывы выступ.
«Шума» лёгка і нязмушана займаецца дужа важнай справай. У іх выдатна атрымалася перадаць усю магію беларускага сьпеву. Яны дастойна вырашаюць задачу па захаваньні і рэтрансьляваньні беларускай традыцыі. І, безумоўна, дзякуючы альбому «Žnivo» колькасьць прыхільнікаў беларускай культуры мае памножыцца.
Альбом «Žnivo» выйшаў на лэйбле Ketama Records, набыць яго можна набыць праз iTunes.
Сяргей Будкін
КАМЕНТАВАЦЬ