!OUT: 7 цікавостак з часопісу «КХС» (аўдыё)
3280 / 1
07.08.2015

!OUT: 7 цікавостак з часопісу «КХС» (аўдыё)

Tuzin.fm пагартаў стары савецкі часопіс «Клуб и художественная самодеятельность» у пошуках гукавых цікавостак, так ці інакш датычных Беларусі: рок-опэра «Песьня пра долю», «Купальле» Градзкага, Гвэрдцытэлі выконвае песьню Ханка, а лаосец Буан Гын Дза Фугон пяе пра «Беларусію».

Часопіс «Клуб и художественная самодеятельность» менш вядомы за «Кругозор» альбо «Колобок», але таксама мела дадатак у выглядзе гнуткіх блакітных кружэлак. Аўдыторыяй «КХС» мусілі быць культасьветпрацаўнікі, пэрсанал цэнтраў творчасьці, студыяў і гурткоў, дамоў культуры ды вясковых клюбаў адпачынку.

З канца 1970-х да канца 1980-х гадоў часопіс «КХС» выходзіў 2 разы на месяц і зьмяшчаў унутры дзьве кружэлкі-флэксі. Адзін бок кожнае доўжыўся каля 6 хвілінаў. На першай звычайна зьмяшчаўся афіцыёз — архіўныя прамовы правадыроў, рэпартажы з прадпрыемстваў і калгасаў. А вось на другой плытцы можна было знайсьці штосьці вартае. Напрыклад, аўтары прапаноўвалі паслухаць «бітлоў» і сольнага Ленана, амэрыканскіх бардаў, узоры арт- і прог-року, нават фры-джаз. З 1989 году часопіс скараціў імя да слова «Клуб», а пласьцінкі стаў прымацоўваць да асобнага папяровага дадатку «Народная творчасьць».

ПЕСЬНЯ ПРА ДОЛЮ

Менавіта й выключна «КХС» у 1978 годзе выдаў два фрагмэнты зь першае беларускае рок-опэры «Песьня пра долю», якую на словы Янкі Купалы напісаў Уладзімер Мулявін. «Песьняроўскі» арт-рок зьявіўся ў «КХС» дзякуючы крытыку і рок-знаўцу Арцёмію Троіцкаму. У часопісе ён адказваў за рубрыку «Школа папулярнае музыкі». Спадар Арцёмі паставіў «Песьняроў» у адзін шэраг з такімі героямі фольк-року як ірляндзкі Horslips, брытанскія Gryfone і Jethro Tall.

«КУПАЛЬЛЕ» ГРАДЗКАГА

У той жа час Троіцкі наракаў, што да «рускага» фальклёру зьвяртаецца толькі адзін гурт «Ариэль». Хаця тут жа згадвае й сюіту Аляксандра Градзкага «Русские песни». Некаторыя з тых песень часопіс выдаў у тым жа 1978-м. Хаця афіцыйная плытка Градзкага з поўнай праграмай пабачыла сьвет толькі ў 1980-м. Лексычныя асаблівасьці наступнага нумару сьведчаць пра тое, што песьня не зусім «руская». Вядома, што матэрыял для сюіты Аляксандар Градзкі зьбіраў падчас кансэваторскае экспэдыцыі на Браншчыну.

ПСКОЎСКІ ДЫЯЛЕКТ

Калі ўжо гаворка зайшла пра фальклёр, то што родніць бранскія народныя сьпевы з пскоўскімі? Безумоўна, прыналежнасьць да адное этнічнае тэрыторыі. Нават самі расейкія дасьледчыкі заўважаюць, што, напрыклад, поўнач Віцебшчыны й поўдзень Пскоўшчыны ствараюць адзіны цэльны этнаграфічны рэгіён. Часопіс «КХС» у 1989 годзе прысьвяціў асобны матэрыял пскоўскаму фальклёру й тамтэйшым выканаўцам.

ПАТОМНЫ ПАЎСТАНЕЦ

Як вядома, адзін з галоўных кампазытараў XX стагодзьдзя Дзьмітры Шастаковіч мае беларускае паходжаньне. Прадзед кампазытара Пятро Шастаковіч скончыў Віленскую мэдыка-хірургічную акадэмію, пасьля паўстаньня 1830 году разам з жонкай быў высланы на Ўрал. Дзед Шастаковіча Баляслаў Пятровіч удзельнічаў у тайнай рэвалюцыйнай арганізацыі «Зямля й воля», зь ягоным удзелам быў арганізаваны пабег зь вязніцы паўстанца Яраслава Дамброўскага, будучага генэрала Парыскае камуны. У выніку Баляслаў Шастаковіч таксама быў сасланы ў Сыбір. Ягоны сын Дзьмітры Баляслававіч браў удзел у рэвалюцыі 1905—1907 гадоў. Дзьмітры Дзьмітрыч Шастаковіч праз сваю рэвалюцыйную музыку таксама жыў пад пагрозай рэпрэсіяў. «КХС» зьмясьціў сьпеўную «прадмову Дзьмітрыя Шастаковіча да поўнага збору ўласных твораў».

«ЛЕБЕДЗІ» ХАНКА

Кампазытар зь Берасьця Эдуард Ханок экспартаваў сваю творчасьць на ўвесь СССР. Адну зь ягоных кампазыцыяў выконвала грузінская сьпявачка Тамрыко (Тамара) Гвэрдцытэлі. У інтэрвію «КХС» кампазытар прызнаецца, што ў аматарскай сымфанічнай аркестры граў на баяне партыі фагота, што ў Менскую музвучэльню яго рызыкнуў узяць Яўген Глебаў, што ў Маскоўскай кансэрваторыі ён склаў сымфонію ды балет, што у другой палове 70-х перажыў творчы крызіс, і што ягоная норма — па песьні ў год: «год работы — грам руды».

ТАМ, ЛЯ ЛУКАМОР’Я

Неаднаразова ў «КХС» адзначыліся «Сябры». У выпуск за 1986 год трапіў сьпеў, які б выдатна падыйшоў да цяперашняга афіцыйнага Дня незалежнасьці.

БЕЛАОСІЯ

А гэты твор адрасуйма сьмелым кітайскім працоўным, што правялі гэтым летам 25-кілямэтровы пратэстны марш на Гомельшчыне, патрабуючы выплаты заробкаў.

Віктар Сямашка, Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Віктар Сямашка / адказаць
    15.08.2015 / 19:24

    Больш цікавостак і падрабязнасьцяў тут -
    http://vvsiamashka.podfm.ru/krakatuk/549/

  • КАМЕНТАВАЦЬ