«Засьпявай» у новым фармаце 4x4
Партал TuzinFM разам з фондам «Вяртаньне» і кампаніяй «Будзьма беларусамі» абвяшчаюць чацьверты сэзон конкурсу «Засьпявай» для маладых выканаўцаў ад 18 да 30 гадоў. Сёлета ён пройдзе ў новым фармаце.
На гэты раз будзе толькі адна намінацыя — «Сьпяваная паэзія». Удзельнікам прапануецца абраць верш сучаснага паэта і выканаць яго на сваю музыку (гуртом ці самастойна ў суправаджэньні якога-заўгодна музычнага інструмэнта). Прымаем заявы да 1 траўня 2017 году ўключна на мэйл konkurs.zaspiavaj@gmail.com з пазнакаю «Заява на конкурс-2017».
З усіх пададзеных заяваў журы адбярэ 4 фіналісты (і 4 запасныя). З кожным з гэтых выканаўцаў (гуртоў) будзе працаваць свой мэнтар зь сябраў журы. Фіналістаў чакае кароткая, але насычаная навучальная сэсія зь лекцыямі, майстар-клясамі ды практычнымі заняткамі (папярэдне — у другой палове траўня). Цягам лета кожны зь фіналістаў з улікам атрыманых ведаў дапрацоўвае конкурсную песьню пры падтрымцы свайго мэнтара і запісвае яе ў студыі.
Увосень адбудзецца прэм’ера чатырох студыйных песень фіналістаў «Засьпявай-4x4». Таксама для кожнага зь фіналістаў мы зладзім «выпускны канцэрт» пры падтрымцы вядомага беларускага гурту. Па выніках студыйнай працы і жывога выступу журы вызначыць пераможцу конкурсу «Засьпявай 4x4». Яго імя будзе названае на фінальным канцэрце праекту, які пройдзе не пазьней за 1 лістапада 2017 году.
Фіналісты атрымаюць каштоўныя веды, досьвед і магчымасьць зрабіць студыйную вэрсію, быць можа, свайго першага гіта. Пераможцу акром тэорыі і практыкі чакае прыз у 1000 BYN (каля 500 эўра) на рэалізацыю сваёй далейшай творчай задумы, а на яго конкурсную песьню будзе зьняты кліп рэжысэрам Арцёмам Лобачам.
«Засьпявай-4x4» у пытаньнях і адказах:
Хто можа ўдзельнічаць у конкурсе?
Сёлета ўстанаўліваем узроставы цэнз: 18—30 гадоў (уключна). У выпадку музычных гуртоў гэтае правіла таксама мусіць выконвацца — узрост удзельнікаў ня мусіць перавышаць азначаны цэнз. Перавага будзе аддадзена заявам тых выканаўцаў, якія ня маюць афіцыйна выдадзеных альбомаў і сольных канцэртаў, а таксама тым, хто не зьяўляецца пераможцамі/ляўрэтамі ранейшых конкурсаў «Засьпявай».
Увага! Усе пададзеныя творы мусяць быць засьпяваныя адмыслова да конкурсу «Засьпявай-4». Якасьць запісу значэньня ня мае.
Якога паэта лічыць сучасным?
Сучасна могуць гучаць і вершы Купалы з Багушэвічам. Але мы хочам зьвярнуць увагу на паэзію нашых дзён. Таму ў кантэксьце конкурсу пад «сучасным паэзіяй» маем на ўвазе творы на беларускай мове, напісаныя ў апошнія 30 гадоў (з 1987 году), якія былі выдадзеныя ў зборніках паэзіі, надрукаваныя ў літаратурных выданьнях або зьмешчаныя на спэцыялізаваных літаратурных сайтах. Вершы сучасных паэтаў можна знайсьці, напрыклад, тут — «Дзеяслоў», «Літрадыё», Budzma.by, «Беларуская палічка», «Камунікат», сайт Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, альбо проста зайсьці ў кнігарню ды набыць некалькі зборнікаў сучаснай беларускай паэзіі.
Ці можна падаць песьню на ўласны верш?
Калі вы сам паэт і выканаўца сваіх вершаў і ўсе астатнія патрабаваньні выконваюцца (узрост, публікацыі, адмыслова напісаная песьня), то чаму не?
ВАЖНА! Як афармляць заяўку
У ліст з пазнакаю «Заява на конкурс-2017» просім прыкласьці 3 файлы:
1. тэкст Word/GoogleDocs, у якім пазначыць:
— дадзеныя пра ўдзельніка (-аў): імя і прозьвішча, узрост, месца вучобы/працы, кантактны адрас і тэлефон (калі заява падаецца ад гурту, то ўказваюцца зьвесткі ўсіх яго ўдзельнікаў)
— інфармацыя пра выканаўцу/гурт (год заснаваньня, стыль, дасягненьні) і спасылкі на прыклады ўласнай творчасьці (пры наяўнасьці аўдыё і відэа)
— сьціслае апісаньне (да 5 сказаў) чаму вырашылі паўдзельнічаць у конкурсе
— тэкст прасьпяванай песьні з указаньнем аўтара музыкі і словаў
2. дэма-запіс песьні для ўдзелу ў конкурсе ў фармаце MP3 320 kbps
3. фота выканаўцы ці гурта
Як і калі будуць вызначацца фіналісты?
Дасланыя кампазыцыі разгледзіць журы, у якое ўвойдуць запрошаныя экспэрты і арганізатары конкурсу. На этапе выбару фіналістаў яны будуць зьвяртаць увагу на арыгінальнасьць музычнай падачы ды гарманічнае спалучэньне музыкі і слова.
Паводле галасаваньня журы будзе названы шорт-ліст конкурсу, у які ўвойдуць чатыры фіналісты конкурсу і чатыры запасныя. Сьпіс будзе апублікаваны на парталах Tuzin.fm, Viartannie.by, а таксама на рэсурсах партнэраў праекту не пазьней за 20 траўня. Фіналісты атрымаюць права ўзяць удзел у навучальнай сэсіі «Засьпявай 4x4».
Дзеля чаго мы робім гэты конкурс?
Мы хочам злучыць сучасную паэзію і музыку ў адзінае цэлае. З аднаго боку адкрыць для маладых музыкаў сьвет беларускай сучаснай паэзіі, а з другога паспрыяць таму, каб добрыя вершы сталі песьнямі.
Далучайцеся да афіцыйных суполак конкурсу ў Facebook i УКантакце.
Конкурс «Засьпявай.BY» быў заснаваны ў 2014 годзе дабрачынным фондам «Вяртаньне» і музычным парталам Tuzin.fm. Яго мэта — заахвоціць маладых выканаўцаў зьвяртацца да беларускай мовы і паэзіі ў сваёй творчасьці.
2014. Прыз уручаўся ў намінацыі «Сьпяваная паэзія». Уладальнікам Гран-пры стаў Віталь Варанко за песьню «Вяртайся!» на словы Віталя Рыжкова. Ляўрэатамі сталі Лізавета Леўчык за песьню «Адзінота» на верш Тацяны Сапач і Юры Касьцень (SP Kava) за песьню «Эндшпіль» на верш Андрэя Адамовіча.
2015. Прыз уручаўся ў дзьвюх намінацыях — «Сьпяваная паэзія» і «Кавэр». Уладальнікам Гран-пры стаў гурт Navi за песьню «Плакалі ветры» на словы Паўлюка Труса ў намінацыі «Сьпяваная паэзія» і за песьню «Жар-птушка» ансамбля «Сябры» (словы Генадзя Бураўкіна, музыка Эдуарда Ханка) у намінацыі «Кавэр». Ляўрэатамі сталі Марына Вярэніч за песьню «Чаму мы стрэліся ня ў час?» на верш Тацяны Дзям’янавай у намінацыі «Сьпяваная паэзія» і Яўген Цярэнцьеў (гурт Teleport) за песьню «Зачараваная» ансамбля «Песьняры» (словы Генадзя Бураўкіна, музыка Ігара Лучанка) у намінацыі «Кавэр».
2016. Прыз уручаўся ў трох намінацыях — «Сьпяваная паэзія», «Беларускі кавэр» і «Замежны пераклад». У «Сьпяванай паэзіі» перамагла Pauline зь песьняй на верш Ірыны Багдановіч «Людзі, дзе вы?». У намінацыі «Беларускі кавэр» найлепшым прызналі гурт Leibonik за арыгінальную інтэрпрэтацыю гіта гурту «Мроя» — «Я рок-музыкант». У намінацыі «Замежны пераклад» не было роўных беларускай вэрсіі гіта Эраса Рамацоцьці «За табой» ў перакладзе Мікіты Найдзёнава і ў выкананьні Дзмітрыя Нікановіча і Вольгі Сацюк.
Tuzin.fm
Сьпіс журы і мэнтараў абвесьцім на пачатку красавіка
Тэрмін прыёму заяваў працягнуты да 17 траўня
КАМЕНТАВАЦЬ