
Фэн-кліп на песьню Re1ikt стаў найлепшым у сэзоне
Відэа стварыла вядоўца курсаў «Мова нанова» ў Бабруйску Алеся Лацінская без удзелу музыкаў. І менавіта гэты ролік перамог у мэгатуры на «Тузіне».
Кліп на песьню «Хадзіла галота» набраў у выніковым галасаваньні «Да апошняга» 305 галасоў і апярэдзіў іншых прэтэндэнтаў на перамогу кліпы гуртоў By Cry і BarRokka. Музыкі з Re1ikt пільна сачылі за хадой галасаваньня. «Мы верылі ў нашую аўдыторыю і разумелі, што можам перамагчы», — кажа лідэр гурту Алесь Дземідзенка. Ён зазначае, што нягледзячы на тое, што кліп рабілі пачаткоўцы, а не тэхнічна абазнаныя профі, ён мае свой шарм і свае эмоцыі. «Кажуць, што пацалунак у кліпе ў акторкі быў першым у жыцьці», — паведамляе Алесь. Яшчэ да прэзэнтацыі роліку, музыкі з Re1ikt прызналі гэты падарунак ад прыхільнікаў сваім афіцыйным кліпам.
Якія беларускія і замежныя відэа кранулі лідэра Re1ikt у гэтым сэзоне? «Цяпер цяжэй ацэньваць кліпы, бо вытворчыя тэхналёгіі сталі даступныя і шмат музычных відэа робяць рамесьнікі. Атрымліваецца якасна, але ніякіх эмоцыяў не выклікае. Маркетынг змушае нас глядзець тое, ува што ўклалі грошы і забівае імкненьне шукаць нешта новае», — кажа Алесь, але ўсё ж называе тое, што ўпадабаў рэальна. Гэта выступы гуртоў у Road House прыканцы кожнай сэрыі сэрыялу «Twin Peaks: the Return», дзе можна пабачыць як малавядомыя індзі-гурты, так і такіх выканаўцаў як Nine Inch Nails і Эдзі Вэдэр.
Гурт Re1ikt можна пачуць жыўцом ужо ў гэтую сераду, 30 жніўня. Музыкі возьмуць удзел у «Футбольным фэсьце» на стадыёне «Алімпійскі», які пройдзе падчас адкрытай трэніроўкі дзьвюх выдатных камандаў «Крумкачы» (эўрапейскі футбол) і «Ліцьвіны» (амэрыканскі футбол). А 9 верасьня гурт можна пачуць у «Графіці». Што да кліпаў, то рыхтуецца новае відэа — на песьню «Паэма пра чорныя вочы» паводле Міхася Зарэцкага, запісаную для праекту «(Не) расстраляная паэзія».
TuzinFM, фота budzma.by
КАМЕНТАВАЦЬ