6 галоўных адкрыцьцяў-2018. Шорт-ліст прэміі TuzinFM «Героі году» (аўдыё)
12 сьнежня ў прасторы Lo-Fi Customs партал TuzinFM справіць 15-годзьдзе сваёй дзейнасьці і ўзнагародзіць адкрыцьцё і найлепшы гурт гэтага году. У шорт-лісьце намінацыі «Адкрыцьцё» сёлета шасьцёра прэтэндэнтаў.
У намінацыю «Адкрыцьцё году» трапляюць тыя выканаўцы, якія сёлета ўпершыню заявілі пра сябе ўсур’ёз. Пры гэтым яны могуць працаваць ня першы год, але трапіць у намінанты можна толькі адзін раз (у другой намінацыі «Гурт году» намінавацца можна бясконцую колькасьць разоў). Сьпіс намінантаў складае рэдакцыйная рада парталу TuzinFM. Улічваецца: актуальнасьць і арыгінальнасьць, наяўнасьць студыйных запісаў і музычных відэа, актыўнасьць у сацсетках, канцэрты, удзел у конкурсах і фэстывалях, супольная праца зь іншымі гуртамі. Важным крытэрам зьяўляецца таксама наяўнасьць беларускамоўных песень у рэпэртуары выканаўцы.
«Адкрыцьцё году» па вэрсіі TuzinFM называецца з 2007 году. Тады ім стаў рок-праект Пятра Ялфімава — PitBull, у 2008 — Tlusta Lusta, пасьля — The Toobes (2009), Akute (2010), Паліна Рэспубліка (2011), «Людзі на балоце» (2012). Узнагароду на прэміі «Героі году» атрымлівалі: Hurma (2013), Leibonik (2014), Paulinn (2015), Intelligency (2016), Mikita (2017).
Сёлета на перамогу ў намінацыі прэтэндуе шасьцёра.
D.Jaza
фота з афіцыйнай суполкі гурта
Праект, які прадстаўляе новае пакаленьне беларускай поп-музыкі. Яго аўтарка — 19-гадовая сьпявачка Дар’я Ксенафонтава заяўляе, што хоча зруйнаваць стэрэятып пра тое, што якасная музыка можа быць толькі ў Амэрыцыі і толькі па-ангельску. У яе даробку — дэбютны EP з 5 песень, названы ў гонар галоўнага гіта на сёньня, песьні «Спытай». Сёлета D.Jaza актыўна давала канцэрты, выступіла на шэрагу фэстаў (эка-фэст «Пастернак», «Менск слухае», «Vulitsa Ezha», «Электралета», «Адборышча»), сыграла яркі жывы сэт у студыі Belsat Music Live ды паўдзельнічала яшчэ ў адным тэлепраекце «Сыграй меня, если сможешь» (ТВ «Беларусь-2»)
Nürnberg
Яны выдаюць песьні на MC, відэа здымаюць на VHS і фатаграфуюць на стужку. У сваім першым інтэрвію для TuzinFM музыкі заявілі, што іх цікавіць дэпрэсіўны стан і ўнутраная барацьба, а натхняе шэрае навакольле і ўсеагульная стома. Пост-панк гурт зь Менску распачаў актыўную дзейнасьць пад канец лета 2017 году. Да Нюрнбэргу хлопцы пакуль не даехалі, але выдалі дэбютны EP на бэрлінскім D.I.Y-лэйбле, іх песьня «Лёс» трапіла на касэтны зборнік «Russian Tour 3» францускага лэйблу Belka Records, а пашыранае выданьне беларускамоўнага EP выйшла на CD на расейскім лэйбле Sierpen Records. Музыкі далі з два дзясяткі канцэртаў, у тым ліку двойчы ў Маскве, у Віцебску сыгралі на разагрэве ў Akute, а ў сталіцы двойчы былі ў супорце «Петли пристрастия», трапілі ў фінал конкурсу «Басовішча-2018». Неўзабаве выйдзе ў этэр іх жывы сэт, сыграны для Belsat Music Live.
Раман Волазьнеў
Раман на сцэне з 10 гадоў і назьбіраў багата прызоў і адзнакаў на дзіцячых конкурсах, засьпяваў дуэтам з Уладзімерам Прасьняковым беларускую песьню, перамог у конкурсе на найлепшы кавэр песьні «Радыё Свабода», але тое было ў мінулым. Сёлета Волазьнеў выдаў дэбютны дарослы альбом, ад якога вядзе новы адлік у сваёй творчай біяграфіі. Рэліз па выхадзе апынуўся на першым радку «Новых імёнаў» у суполцы «VK Music», песьні з дыску трапілі ў плэй-ліст «Найлепшае за тыдзень» на Apple Music, а сам Рома з музыкамі даў шыкоўны канцэрт-прэзэнтацыю ў «Пясочніцы». На выступе ў Belsat Music Live выканаўца таксама зазначыў, што рыхтуе некалькі беларускамоўных прэм’ераў, у тым ліку на словы Максіма Багдановіча.
Няміга
Першапачаткова дзявочы гурт, які вызначае свой стыль, як «акустык-фольк-рок» зьвярнуў на сябе ўвагу першымі дэма-запісамі — душэўнымі і пранізьлівымі сьпевамі Ксеніі Валенды. Кажуць, на іх канцэртах людзі плачуць. «У сьвеце, дзе так шмат болю, агрэсіі, стрэсу людзям не хапае душэўнага цяпла», — так кажа Ксенія пра сваю творчасьць. Гурт сёлета выступаў з канцэртамі ў Менску і Любані, стаў госьцем курсаў «Мова нанова» і фэстаў «Пешаходка», «Менск старажытны», «Наш Грунвальд», ляўрэатам конкурсу By Song, прэзэнтаваў студыйны самотнік «Страла» ды зьняў дэбютны кліп на песьню «Хвалі».
Dee Tree
Удзельнікі гурта сышліся разам сёлета пасьля супольных джэмаў на менскіх вуліцах, каб ствараць разам аўтарскую музыку ў стылі соўл. Яны зьвярнулі на сябе ўвагу ня толькі музычным прафэсіяналізмам і шыкоўным вакалам Валерэі Дэле, але яшчэ і прыгожым прадакшнам — фотасэсіямі і бездакорнымі жывымі музычнымі відэа. Музыкі за некалькі месяцаў займелі багата прыхільнікаў і сталі жаданымі гасьцямі на летніх фэстах (Stereo Weekend, FSP, Sprava, меўся быць і Mirum Music Festival, але яго адмянілі). Неўзабаве выйдзе іх жывы сэт, запісаны для Belsat Music Live, дзе можна пачуць, як яны злучылі соўл зь беларускай этнікай.
Loudscage
Ад моманту свайго заснаваньня два гады таму беларуская ню-мэтал фармацыя на чале з Марго Давідовіч моваю сваёй лірыкі абрала ангельскую. Аднак, празь некаторы час вырашылі перавыдаць свой дэбютны рэліз па-беларуску пад назваю «Юнацтва роспач»: «Мы беларускі гурт і наша мова — беларуская», — заяўляюць цяпер музыкі. Яны актыўна канцэртуюць і бяруць удзел у фэстах («Купальскае кола», «Магутны фэст»), сталі пераможцам адбору на фэст «Наш дзень». Цяпер працуюць над новым рэлізам.
Пераможца ў намінацыі «Адкрыцьцё году» (як і ў намінацыі «Найлепшы гурт году») будзе абвешчаны на партале TuzinFM.by 1 сьнежня. Менавіта ён выступіць з жывым сэтам на 15-годзьдзі «Тузіна» 12 сьнежня ў прасторы Lo-Fi Customs (вул. Кастрычніцкая, 16/3, уваход з боку р. Сьвіслач праз чорную брамку, пад’езд з надпісам «Dvor», другі паверх).
Набыць квіток
Квіткі на вечарыну «Героі году» ўжо ў продажы. Да абвяшчэньня пераможцы квіткі можна набыць па 10 руб. Пасьля абвяшчэньня іх кошт падвысіцца да 20 руб., у дзень мерапрыемства — 25 руб.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ