Вясна ідзе! Пазытыўны самотнік ад Bulba Fusion (аўдыёпрэм’ера)
Вясёлы аркестар Bulba Fusion прадстаўляе на Tuzin.fm сынгл «Вясна ідзе!»: «Гэта песьня пра каханьне і свабоду. Гімн таму, што зьменіць гэты сьвет».
Музыкі Bulba Fusion называюць сябе нават не гуртом, а «падпольнай школай танцаў». «Два гады мы знаходзіліся ў андэграўндзе ды існавалі выключна, як канцэртны гурт», — апавядае лідэр каманды Аляксей Багданкевіч. Яго каманда пэрыядычна выступае ў клюбах Менску, Віцебску, Львову, Пскову. Граюць сумесь рок-н-ролу, ска, твісту, сьвінгу. Выконваюць аўтарскія творы і кавэры ў незвычайнай апрацоўцы. Bulba Fusion заняў першае месца на расейскім конкурсе кавэраў The Beatles, стаў ляўрэатам фэсту Emergenza.Belarus-2012, ладзіць уласны фэст «Вялікае Бульбашэсьце» ў Пскове і Піцеры.
Гэтай вясною Аляксей з паплечнікамі запісаў дэбютны сынгл. Музыка заўважае, што гэтая песьня не адлюстроўвае ў поўнай меры яго гурт музычна, але максымальна блізка перадае іх дух, тое дзеля чаго яны існуюць. Аўтары песьні прадстаўляюць трэк «Вясна ідзе» такім чынам: «Гэта песьня пра маленькую сінявокую дзяўчынку, якая мацней за лютую сьцюжу і глыбы льда. Якая ласкавым позіркам і ўсьмешкаю дорыць надзею ўсім, хто зажурыўся за доўгую зіму. Гэта песьня пра каханьне і свабоду. Гімн таму, што зьменіць гэты сьвет, нягледзечы ні на што. Вясна ідзе!»
Ужывую Bulba Fusion можна пачуць у Менску 15 красавіка (клюб Coyote, у межах конкурсу CoverKin-2014), 9 траўня гурт грае ў Пскове (Iron Club), 10 траўня ў Санкт-Пецярбургу (Fish Fabrique Nouvelle), а 31 траўня бярэ ўдзел у міжнародным фэсьце The Beatles Shabli на хутары Шаблі.
Bulba Fusion — Вясна ідзе (музыка і словы Аляксея Багданкевіча, Ігара Анісімава, Дзьмітрыя Тараса).
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ