Ня мае сэнсу
4161 / 0
07.10.2014

Калі няма року і сэнсу. Беларуская візытоўка «Групіроўкі Белавежская пушча» (аўдыё)

У новым туры на Tuzin.fm адэпты стылю «no rock» — «Групіроўка Белавежская пушча» прадстаўляюць твор «Ня мае сэнсу», песьню-ўспамін ад вандроўніка ды авантурыста.

«Музыка, якая зварочвае розум і зьяўляецца наўпроставым наступствам сацыяльна арыентаванай палітыкі дзяржавы», — гэтак паспрабаваў апісаць часопіс «Rolling Stone» творчасьць дадзенага беларускага гурта. «Групіроўка Белавежская пушча» і яе лідэр Фёдар Міхайлаў альбомы піша дзясяткамі, песьні сотнямі і ўсе чатыры гады свайго існаваньня знаходзіцца ў пэрманэнтным «кватэрным» туры па Беларусі, Украіне ды Расеі. Песьня «Ня мае сэнсу» карыстаецца надзвычайнай папулярнасьцю сярод прыхільнікаў Фёдара. Менавіта таму музыкі вырашылі прадставіць яе ў чарце на Tuzin.fm. Яна паўстала на пачатку 2014 году і ўвайшла ў дыск найлепшых песень гурта «Чёрный пистолет». На «Тузіне» прадстаўлена абноўленая вэрсія песьні, якая прайшла рэмайстарынг. «Я яе напісаў раптоўна — усяго за некалькі хвілін. Прадстаўляю яе, як песьню-развагу, песьню-ўспамін ад вандроўніка ды авантурыста», — кажа Фёдар.

Менавіта на «Ня мае сэнсу» гурт здымае відэакліп, які мяркуе прадставіць гэтай восеньню. У найбліжэйшы час «Групіроўка» здымаецца ў фільме-канцэрце «Рок-волна» ў Санкт-Пецярбургу ды едзе з акустычнымі канцэртамі ва Ўкраіну.

Групіроўка Белавежская пушча — Ня мае сэнсу (музыка і словы Фёдара Міхайлава). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Бязьмежны космас мяне кліча

Там сотні зорак зіхацяць

Але ёсьць зорка, што сьмяецца

Яе я вуснамі злаўлю

І што далей ня мае сэнсу…

Калі пульсуе моцна кроў

І марам сэрца надта цесна

Я чую на тваіх далонях

Нясьпелых яблык горкі пах

І што далей ня мае сэнсу…

Схаваўся месяц за калючку

І ночка цёмная маўчыць

Мой мілы човен небасхілу

Мяне ты высушыш да дна

І што далей ня мае сэнсу…