
Global Reload. Карл Фрыерсан з De Phazz выканаў песьню на верш Сыса (аўдыёпрэм’ера!)
Карл Фрыерсан распачынае праект «Global Reload» парталу Tuzin.fm і грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі!», у межах якога замежныя артысты прадстаўляюць песьні на словы беларускіх паэтаў. Амэрыканскі музыка выканаў «I Will Go to Where I Came» на верш Анатоля Сыса.
Песьняй Карла Фрыерсана на верш беларускага паэта Анатоля Сыса распачынаецца праект «Global Reload». Яго ідэя ў тым, каб ўзьняць прэстыж беларускай культуры і паэзіі, прадэманстраваць як яна гучыць у выкананьні вядомых сьпевакоў зь іншых краінаў сьвету. Амэрыканскі музыка выканаў твор «I Will Go to Where I Came» на верш Анатоля Сыса. Адмыслова для праекту «Global Reload» на ангельскую яго пераклаў беларускі літаратар і перакладчык Віталь Воранаў, які цяпер жыве ў Канзасе, дзе выкладае ў мясцовым унівэрсытэце. Музыку да кампазыцыі напісаў вядучы джазавы музыкант Павал Аракелян.
Карл Фрыерсан у музыцы ўжо тры дзесяцігодзьдзі. Шырокую вядомасьць ён атрымаў у якасьці вакаліста нямецкага гурта De Phazz, а таксама дзякуючы сваім сольным працам, якія цэняцца па ўсім сьвеце за дасканалае адчуваньне стылю. Творчасьць Карла вызначаецца някідкімі вытанчанымі і густоўнымі аранжыроўкамі. Ён жаданы госьць на міжнародных джазавых фэстах і аднолькава выдатна пачуваецца як у чыстым джазе, так і ў трып-гопе, дыска ды іншых кірунках.
Калі ў Карла пытаеш якому з музычных жанраў ён аддае перавагу, ён мае гатовы адказ: «Жыцьцю, бо мае музыка гэта дакумэнтацыя момантаў майго жыцьця». Неўзабаве адбудзецца рэліз яго новага сольнага альбому, які рыхтуецца некалькі гадоў. І ён будзе істотна розьніцца ад той музыкі, якую выконвае асноўны праект Карла: «З De Phazz я толькі адна фарба ў вялікай карціне. Я адмаўляюся быць вязьнем абмежаваньняў кампутара, хоць і прызнаю, што вандраваць унутры абмежаваньняў можа быць вельмі захапляльным!» Наогул жа амэрыканец ня лічыць сябе музыкам: «Я — актор. І тэатар быў маёй першай любоўю. Большую частку свайго жыцьця я выконваў ролю музыкі». Варта зазначыць, што Фрыерсан супрацоўнічаў з Школай мастацтваў унівэрсытэту Паўночнай Караліны і меў стыпэндыю ў Школе мастацтваў губэрнатара Паўднёвай Караліны. Яшчэ адзін цікавы факт зь біяграфіі выканаўцы — удзел у складзе войскаў ЗША ў апэрацыі ў Пэрсыдзкім заліве. Вынес адтуль такі досьвед: «Вайна ня мае сэнсу, а большымі ахвярамі становяцца жанчыны і дзеці». Можа менавіта таму згадваючы Ўкраіну, дзе выступаў неаднойчы, Карл кажа найперш пра тамтэйшых жанчын: «Я ў іх проста закаханы. Гэта вельмі нескладана».
Музыканту прыйшлася даспадобы ідэя праекту «Global Reload» — прадставіць беларускую культуру ў міжнародным кантэксьце. Ён прыняў прапанову выканаць песьню «I Will Go to Where I Came» на словы Анатоля Сыса. І зрабіў сваю шыкоўную аранжыроўку да гэтага твору. «Я не рэлігійны чалавек, але адухоўлены. І я адчуваю моцную духоўную сувязь з гэтым беларускім праектам. А верш Анатоля Сыса — гэта сапраўдная экспрэсія, якая ідзе ад самага сэрца», — дзеліцца сваімі ўражаньнямі Карл. Ён вельмі шануе паэзію, а сваім улюбёным вершам — яшчэ з чацьвертай клясы — называе «The Road Not Taken» (1920) Робэрта Фроста.
Твор «I Will Go to Where I Came» ў арыгінале завецца па першым радку — «Пайду туды, адкуль прыйшоў» і ўваходзіць у два прыжыцьцёвыя зборнікі — «Пан Лес» (1989) і «Сыс» (2002).
Праект «Global Reload» ладзяць партал Tuzin.fm і грамадзкая кампанія «Будзьма беларусамі!». Ён зьяўляецца лягічным працягам праектаў «Тузін.Перазагрузка» і «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2».
Сяргей Будкін, Аляксей Стрэльнікаў, Кацярына Раманчык, фота — Аляксандар Ждановіч, budzma.by
Падзякі ў падрыхтоўцы прэм’еры: Алегу Ціханаву, Мікалаю Маторыну, Дзьмітрыю Шэпелевічу, Паўлу Аракеляну, Віталю Воранаву.
Карл Фрыерсан (Karl Frierson) — I Will Go to Where I Came (lyrics — Anatol Sys)
I will go to where I came from
Beyond the earth beyond the time
I here found an empty form
Though emptied chalice which was mine
I wish I could have shared it
With you my friend or with a thug
With those who didn’t have a sip
Or those who didn’t have enough
I wonder what my real fault is
The fault of stupid destination?
Life is a string of great deceits
And death’s my only revelation
Пойду туда, откуда шёл
Землёй и временем украшен.
Здесь ничего я не нашёл,
Хоть выпил боли своей чашу.
А может лучше разделить
Её с врагом, или с друзьями?
Красиво жить не запретить,
Ведь правила не навязали.
Жизнь - расчудеснейший обман?
Уверенности и покоя.
Смерть душу пьёт с небесных ран.
Познать её любой достоин.
Прабачце за рускамоўны каментарый на гэтым сайце.
Так адбылося, што творчасць Анатоля Сыса для мяне вельмі знакавая, незвычайна светлая па маім жыцці. Некалі я заняўся перакладамі яго твораў на рускую мову дзеля таго, каб больш людзей пазналі пра Яго.
Дзякуй
КАМЕНТАВАЦЬ