Новая вясна
11878 / 0
26.01.2018

Дажыць да новае вясны. Першы гіт гурту BosaeSonca ў новай вэрсіі (прэм’ера!)

Лідэр гурту BosaeSonca Алесь Кот-Зайцаў разам з прадусарам і ўдзельнікам гурту Nuteki Аляксандрам Верным прэзэнтуюць на TuzinFM сынгал «Новая вясна».

«Новая вясна» — гэта новая вэрсія самай першага гіта BosaeSonca, які быў напісаны ў 2007 годзе. Тады кліп на яе зьняў Анатоль Вечар, а ў 2014 годзе яна ўвайшла ў альбом «Адпусьці». Сёлета Алесь Кот-Заўцаў перазапісаў яе разам з Аляксандрам Верным, вядомым з удзелу ў гуртах «Фляўс і Кляйнн», Uzari, цяпер Nuteki. «Гэты сынгл — вынік досыць спантаннага знаёмства. Мы з Сашам упершыню ўбачыліся на адным маленькім фэсьце ў Нямеччыне. Я зайграў старую песьню свайго гурта, у Сашыных рукох была ў гэты момант бас-гітара, ну і панеслася… Гэта вельмі незвычайнае адчуваньне. Песьня, якой 10 гадоў, атрымлівае новае дыханьне, новы рытм, новае жыцьцё. Гэта сьведчыць пра тое, што яна існуе па-за часам, у нейкім сэнсе застаецца актуальнай і сьвежай. Магчыма дзякуючы новай аранжыроўцы аўтарства Сашы Вернага гэты твор пачуюць новыя слухачы, а кагосьці ён натхніць і дапаможа ператрываць нашую шэрую халодную зіму», — зазначыў з нагоды прэзэнтацыі на TuzinFM Алесь Кот-Зайцаў.

«Я вельмі люблю спантанныя творчыя працэсы ды калябарацыі. Музыка нараджаецца вельмі хутка, калі ёсьць узаемны імпульс. Мне вельмі падабаецца працаваць з тымі людзьмі, якім ёсьць што сказаць, калі іх творчасьць ідзе ад сэрца. Застаецца тады толькі загарнуць у вокладку і гатова. Так выйшла з гэтым трэкам. Гэта перадусім атмасфэрная песьня, з налётам лёгкага суму і рамантычнай атмасфэры, якой надта бракуе ў наш час», — дадаў суаўтар новай вэрсіі «Новай вясны» Аляксандар Верны.

«Новая вясна» ўзору 2018 году возьме ўдзел у вясновым туры аўдыёчарту на TuzinFM.

TuzinFM

Аляксандар Верны feat. Алесь BS — Новая вясна (музыка Аляксандра Вернага і Алеся Ката-Зайцава, словы Алеся Ката-Зайцава).

 

Дзесьці наперадзе, чакае верасень,

Асеньні сьветлы сум душы.

Жывем, мінаюць дні, адны ці не адны,

А мне б дажыць да новае вясны.

 

Дваццаты запар раз жыву ў сакавіку.

Зноў заквітнее ўсё, пагоніць прэч смугу

І хмары, што плылі на працягу зімы,

А мне б дажыць да новае вясны.

 

І думкі ў галаве, і цені на сьцяне

Зьліліся ў пустэчы ў месячным сьвятле.

Ліхтар за ліхтаром, вандруюць мае сны,

А мне б дажыць да новае вясны.