«Ня варта». Губляць сябе (аўдыё)
Гурт «Ня варта» прадстаўляе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm песьню «Сонца над Бабілёнам». Музыкі заклікаюць у ёй не ламацца пад ціскам сыстэмы.
«Сэнс песьні ў тым, што з часам большасьць людзей здраджвае самім сабе. З узростам ціск грамадзтва на асобу ўзмацняецца. Таму шмат хто ламаецца і становіцца паслухмяным і „правільным“. Іншыя сьпіваюцца, губляюць сябе цалкам. Астатнія становяцца псамі сыстэмы», — кажа вакаліст мазырскага панк-гурту Хведар Крокус. Песьня «Сонца над Бабілёнам» — адзін з самых яскравых нумароў з новага альбому гурта «Трываць…», які пабачыў сьвет увесну 2015 году. Музыкі выконвалі яго і раней, калі іх гурт зваўся Alloff.
«Гэта песьня размова зь сябрам, з адным з тых, хто застаўся сабе верным. Сядзім, гамонім і ўспамінаем, як жылі і што атрымалі, — працягвае Хведар. — Але ў ёй ня толькі туга па мінулым, а яшчэ і матывацыя для тых, хто сёньня з намі: губляць сябе ня варта». Словы і музыку да «Сонца…» музыкі гурта напісалі ўсе разам. Гэтак жа, як і большасьць сваіх сьпеваў за рэдкім выключэньнем (у іх рэпэртуары ёсьць кавэр на Ігі Попа і песьня на словы Рыгора Барадуліна).
Сачыць за навінамі гурта можна праз афіцыйную суполку.
Ня варта — Сонца над Бабілёнам (музыка і словы гурта). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
Сонца над Бабілёнам
Давай успомнім былыя часы,
Калі мы побач ішлі па жыцьці,
Сьпявалі песьні любові й пратэсту,
І верылі вось яно наша месца.
Рэф:
Сонца ня сьвеціць над Бабілёнам
Ну а сёньня што нам засталася?
Колькі нашых хлапцоў пасьпівалася?
Колькі трапіла ў палон да сыстэмы?
Банкаўскіх крэдытаў ды іншых праблемаў.
Рэф.
Сябар дзяцінства пройдзе міма,
У шэрай форме, як гэта «міла»,
Жыцьцё ўсё паставіць на месцы,
Які шчэ панк-рок? Якія пратэсты??
КАМЕНТАВАЦЬ