
Vuraj&CherryVata. Магія несумяшчальнасьці (прэм’ера!)
Гурт Vuraj акурат на дзень свайго 5-годзьдзя прэзэнтуе песьню «Шчодры вэчор», зробленую разам з электронным праектам CherryVata для праекту «Новае пакаленьне на Новы год».
Абрадавая палеская песьня загучала ў нечаканай электроннай апрацоўцы з жывымі інструмэнтамі. Лідэр Vuraj Сяржук Доўгушаў запісаў яе падчас сваёй першай палескай экспэдыцыі ў вёсцы Заверша, што ў Драгічынскім раёне. На падставе гэтага сьпеву ягоны гурт зрабіў уласную кампазыцыю, якая выйшла на EP «Шэсьць загадок». Для навагодняга канцэрту на «Белсаце» музыкі пайшлі на экспэрымэнт і зрабілі вэрсію трэку разам з гуртом CherryVata. «Я нават не ўяўляў, што падобнае супрацоўніцтва магчыма, мы ніколі дагэтуль з электроншчыкамі ня гралі, а я выступаў заўжды толькі за жывое гучаньне. Але тым больш зацікавіў такі экспэрымэнт. І ў гэтай нашай несумяшчальнасьці якраз утварылася магія», — кажа Сяржук.
Разам з Доўгушавым кампазыцыю выканала вакалістка CherryVata, уладальніца шыкоўнага голасу Кацярына Штырц, якая надала сьпеву яшчэ большай магічнасьці ды чароўнасьці. «Я люблю выпрабоўваць сябе ды іншых, калі сумяшчаюцца і сутыкаюцца розныя музычныя сусьветы. Ды што музычныя — гэта ў прынцыпе розныя сусьветы, — зазначае лідэр CherryVata Дзьмітры Літвіновіч, вядомы як Diamos Roll. — І вельмі важна, што мы прыйшлі да нечага адзінага, хоць на пачатку працы было і несалодка. Ганаруся тым, што спрычыніліся да таго, што перанесьлі нашу архаіку ў сучаснасьць. Гэта мае каштоўнасьць ня толькі музычную, але і гісторыка-культурную». Музыкі з абедзьвюх камандаў надзвычай задаволеныя вынікам, падчас працы яны нават пасябравалі. Vuraj запрасіў CherryVata выступіць на канцэрце з нагоды свайго 5-годзьдзя, яны маюць намер надалей працягнуць сумесныя экспэрымэнты.
Песьня «Шчодры вэчор» была запісаная ўжывую для праекту «Новае пакаленьне на Новы год». Відэавэрсію гэтага праекту можна будзе ўбачыць у ноч з 31 сьнежня 2015 на 1 студзеня 2016 году на тэлеканале «Белсат».
Vuraj і Cherryvata — «Шчодры вэчор» (музыка гурта Vuraj і Зьмітра Літвіновіча, словы народныя)
Tuzin.fm/Belsat.eu, фота Сяргея Балая
А ў полю, ў полю сьвецёлка стоіць.
Шчодры вэчор, добры вэчор!
А ў той сьвецёлцэ тры окэнэчкы:
Ў пэршым окэнцы ясны місяцік,
Ў другім окэнцы яснэ сонэчко,
Ў трэцім окэнцы ясны зорэчкы.
Ой, шо місяцік — то й господарык,
А шо сонэчко — то й господынька,
А шо зорочкы — то іx(э) дэткы.
Шчодры вэчор, добры вэчор
Прыгожа!
КАМЕНТАВАЦЬ