Re1ikt лечыць. Пераадолець стрэс за 4 хвіліны (аўдыё)
Гурт Re1ikt прадстаўляе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm «Люцэрну» — бадай што самы магічны трэк з альбому «Лекавыя травы». Пра гісторыю яго напісаньня распавядае аўтар Алесь Дземідзенка.
Я хацеў напісаць такую песьню, гукі якой, маглі б супакойваць чалавека, каб дапамагалі пераадолець стрэс, хваляваньні. Люцэрна — гэта каганец, маленькі ліхтарык у цемры, а таксама лекавая расьліна — ёй лечаць розныя хваробы, ці проста падмацоўваюць арганізм.
Першыя накіды на музыку былі створаны яшчэ ў 2011 годзе, але працяг адбыўся толькі ў 2014-м. Тэкст напісаны ўзімку гэтага ж году. Па лютым марозе я ехаў да нашага вакаліста Ўладзя Казлова і па дарозе дадумваў радкі, а як прыйшоў то высьвятліў, што не памятаю нумар яго кватэры і тэлефон сеў. Дзякуй богу, што кватэра на першым паверсе — я абышоў кругом будынак і пачаў грукаць у шыбы балькону. Спужаў толькі Ўладзя і яго жонку. Добра падмерз увогуле, але калі трапіў на цёплую кухню з смачнай гарбатай, то добра атрымалася прэзэнтаваць Вову першы куплет. Адышоў ад марозу і сьпеў з душою.
Re1ikt — Люцэрна (музыка і словы Алеся Дземідзенкі). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Алесь Дземідзенка, для Tuzin.fm
Ты бачыш сьвет не такім, як іншыя
Чуеш колераў гук
Хай не парушыць спакой і цішу
Сусьвету вонкавы грук.
Прыйдзе час і старое лісьце
Ссыпле самое сябе.
Пачварына пастку расьцісьне
І адпусьціць цябе.
Станеш ты
Зоркай з самых глыбокіх сноў
Станеш ты
Возерам з самых далёкіх краёў
Было так, што пражыты час
Разьдіраў ды шкодзіў.
Магло адбыцца і ў мінулы раз,
Але я не сыходзіў.
Станеш ты
Зоркай з самых глыбокіх сноў
Станеш ты
Возерам з самых далёкіх краёў
Пакуты больш не пагражаюць
Дома не сядзі
Абалонка трэснула —
ў сьвет выходзь, ідзі
Пацаны, дык крута жа!
Выдатная песня, і тэкст, і музыка, і выкананне.
Файна!
КАМЕНТАВАЦЬ