Быў.Ёсьць.Буду
5238 / 0
15.09.2016

Антось Звычайны: «Караткевіч напісаў рэп-твор, а я яго прачытаў» (аўдыё)

У першым туры аўдыёчарту ў новым музычным сэзоне Антось Звычайны прэзэнтуе песьню «Быў.Ёсьць.Буду», створаную на верш Уладзімера Караткевіча.

Караткевіч для рэпэра Антося Звычайнага — перадусім паэт. «Я вельмі паважаю яго творчасьць. І хоць лічыцца, што найбольшай увагі заслугоўвае проза, мяне найперш цікавяць вершы. Назваў бы яго паэтычныя творы наогул найлепшымі з таго, што даводзілася чытаць у беларускай літаратуры», — кажа выканаўца. Ён вырашыў зрабіць трэк на верш «Быў.Ёсьць.Буду», прычым зусім інакш, чым гурт Irdorath, які з творам на гэтыя ж словы перамог у мэгатуры-2016.

«Гэты верш выдатна спалучаецца са стылістыкай гіп-гопу. Нібы ён напісаны як рэпрэзэнт — гэта калі рэпэр прадстаўляе сябе і сваю пазыцыю ў асобным трэку. Так і тут — увесь твор прасякнуты энэргіяй, аўтар як бы хоча пракрычаць на ўвесь сьвет, давесьці сваю пазыцыю і сваё сьветаўспрыманьне», — распавядае Антось. Акром яго ўдзел у запісе трэку ўзяў Яўген Касьцючэнка (бэк-вакал).

Антось Звычайны працуе ў стылістыцы беларускамоўнага гіп-гопу з 2010 году. Свой стыль вызначае, як abstract/decadence hip-hop. Летась прадставіў сваю першую сур’ёзную працу — міні-альбом «Восень пад коўдрай». Цяпер выканаўца рыхтуе альбом на вершы беларускіх паэтаў, а налета хоча зрабіць канцэптуальны рэліз, у які маюць увайсьці музычны альбом на ўласныя вершы, раман-антыўтопія ўласнага аўтарства і кароткамэтражны фільм. Сачыць за навінамі Антося Звычайнага можна празь яго афіцыйную старонку.

Паслухаць песьню на Soundcloud

Антось Звычайны — Быў.Ёсьць.Буду (музыка гурта «І дэльфіны…», словы Ўладзімера Караткевіча). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

Быў. Ёсьць. Буду.

Таму, што заўжды, як пракляты,

Жыву бяздоннай трывогай,

Таму, што сэрца маё расьпята

За ўсе мільярды двухногіх.

 

За ўсіх, хто ўздымае цяжкія разоры,

Хто ў гарачым пекле мэталу,

За ўсіх, хто змагаецца зь небам і морам,

За жывых, і за тых, што сканалі.

 

За ўсіх, хто крывёю піша

Ў нязгодзе

З рабства подлай дарогай,

Хто за Край Свой Родны, за ўсе Народы

Паўстане нават на Бога.

 

За ўсіх, хто курчыцца ў полымі вёсак,

Хто ратуе краіну ад краху,

За ўсіх, хто бясстрашна глядзіць у нябёсы

З барыкады,

З пушчы

І з плахі.

 

Хто са сьмерцю гаворыць з вока на вока,

Зь яе ўсьмешкаю ветлай,

І ўсё ж узводзіць — нясьцерпна далёкі —

Храм наш агульны і сьветлы.

А калі ён горда дазьзяе ў зэніце —

Непарушны — узьнясецца ў неба,

Вы з расьпятага сэрца кроплю вазьміце.

Апошнюю.

Болей ня трэба.

 

І няхай яна збоку, недзе на ганку,

Дагарае й дзяцей ня страшыць

На граніце любові,

На граніце сьвітанку,

На граніце велічы вашай.