Мітушэньні
3608 / 0
13.02.2017

HandmadЕ. Любоў і трошкі фантазіі (аўдыё)

У 8-м туры аўдыёчарту на Tuzin.fm у сэзоне 2016/2017 гурт HandmadЕ прэзэнтуе песьню «Мітушэньні», напісаную і запісаную ў творчым дуэце Яўгена Валошына і Ўладзімера Пыльчанкі.

Задума песьні даўняя, яна пісалася паступова. Канчаткова аформілася тры гады таму, калі зьявіўся другі куплет і прыпеў прысьвечаны адной знакамітай асобе, якая рыхтавалася наведаць Ісуса Хрыста на гары Каркавада ў Рыё. Летась музыкі яе ўрэшце запісалі і з задавальненьнем выконваюць на рэдкіх, праўда што, канцэртах. «Гэта песьня выглядае як інтымная лірыка, але з вышыні пражытых гадоў гэта насамрэч своеасаблівы знак прыязнасьці чалавека да чалавека. Любоў бліжняга да бліжняга і трошкі аўтарскай фантазіі», — кажа лідэр Handmade Яўген Валошын з нагоды яе прэзэнтацыі ў аўдыёчарце на Tuzin.fm.

Ад гурта апошнім часам навінаў ня так і шмат. Cа словаў Яўгена, HandmadE існуе, але намінальна. «З год мы нідзе не выступалі. А калі і выступалі, то з Уладзімерам Пыльчанкам. Ну а што! Усе мы рабілі рамонты ў сваіх навабудах, жаніліся, выконвалі спэцзаданьні па выратаваньні плянэты», — распавядае музыка. Трэці ўдзельнік HandmadE Андрэй Маркуц у запісе песьні ня ўдзельнічаў, але Яўген і Ўладзь кажуць, што ягоны ўплыў на песьню ўсё адно адчувальны. Дарэчы, апошнія канцэрты музыкі зноў давалі ўтрох. Сачыць за навінамі каманды Яўгена Валошына можна праз афіцыйную суполку.

HandmadЕ — Мітушэньні (музыка Яўгена Валошына/Уладзімера Пыльчанкі, словы Яўгена Валошына). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm

мае мітушэньні на электрычным дроце

мае мітушэньні завэрбаваныя

а я не хачу, не хачу, дарэчы,

пазбавіцца ў думках цябе, мая каханая

крэсла, ноч, твой цень

хачу бачыць цябе ўдзень

слухаць голас, маляваць,

пацалункі хаваць

у сакрэтах нашых целаў

і ўчынках звар’яцелых

 

як бы хацеў я табе паказаць,

Хрыста на гары Каркавада пазнаць

глядзець на іскрынкі

дарог з вышыні

не падманулі вадаспады і полымя

хачу, каб перастаўлялі зоры мы

разам глядзелі

млосныя сны

 

дзе ты зараз ёсьць, мой жаданы госьць?

за якім акіянам прытуліла злосьць?

на якім пагорку разглядаеш фотку

дзе абняўшы промні, мы з табою ёсьць.

мае мітушэньні на электрычным дроце

мае мітушэньні завэрбаваныя

а я не хачу, не хачу, дарэчы,

пазбавіцца ў думках цябе, мая каханая

 

як бы хацеў я табе паказаць,

Хрыста на гары Каркавада пазнаць

глядзець на іскрынкі

дарог з вышыні

не падманулі вадаспады і полымя

хачу, каб перастаўлялі зоры мы

разам глядзелі

млосныя сны