Выпіць і паплакаць. Мядляк найвышэйшае пробы ад Клюева і Белавуса (аўдыё)
Сьпявак Пётар Клюеў разам з кіраўніком «Арт-сядзібы» Паўлам Белавусам, які запусьціў уласны рэп-праект Bumitlum, прэзэнтуюць у 9-м туры аўдыёчарту сумесную песьню «Люблю ці кахаю».
Тэкст песьні напісаў Павал Белавус, ён жа паўдзельнічаў у запісе рэп-часткі кампазыцыі як Bumitlum. «Калі я служыў у войску, а гэта было шэсьць гадоў таму, у мяне было шмат часу для фантазіяў, мараў і творчасьці. Тады я і прыдумаў сабе вобраз рэпэра Bumitlum’a, ды напісаў шмат тэкстаў і вершаў на актуальныя тэмы. Я начытваў свае тэксты пад біт на тэлефон і марыў, што гэта стане крутым і злым альбомам. Цяпер перачытаў тэксты і зразумеў, што іх актуальнасьць ня зьнікла», — сказаў Павал з нагоды прэм’еры песьні ў аўдыёчарце на Tuzin.fm. Канкрэтна гэты тэкст ён напісаў пра свайго сябру — сьпевака Пятра Клюева ды ягоныя амурныя прыгоды. Той адгукнуўся з імпэтам ды напісаў гітовую мэлёдыю. «Такой песьні моцна не ставала, маю спадзеў, што гэты мядляк пойдзе ў народ і пад яго вып’юць, патанчаць ды паплачуць нямала дзяўчат!» — кажа Пётар. Песьня каштоўныя яшчэ і тым, што раскрывае беларускую моўную загадку — розьніцу сэнсаў паміж словамі «люблю» і «кахаю».
Пётар Клюеў ужо ва ўсю сьпявае «Люблю ці кахаю» на сваіх канцэртах і людзі яе падхопліваюць імгненна. Што да рэп-праекту Паўла Белавуса, то ён абяцае аформіць у рэп-творы іншыя свае тэксты, калі ягоны першы досьвед пазытыўна ацэняць слухачы.
Piotr Klujeu feat Bumitlum — Люблю ці кахаю (музыка Пятра Клюева, словы Паўла Белавуса). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Люблю ці кахаю, сябе я зноў пытаю…
Лячу да цябе, а потым зьнiкаю.
Адчуць водар твой зноў маю надзею.
Я танчу з табой і вар’яцею.
Ты б’еш алькаголем у маё сэрца,
І цягнеш дадому, каб разам сагрэцца.
А ранкам прачнуся…
Чаму зноў зьбягаю?
Не разумею, люблю ці кахаю!
Я так люблю цябе,
Я так хачу цябе.
Моцна і дакладна
Адчуваю,
Але не кахаю!
Я так люблю цябе,
Я так хачу цябе.
Моцна і дакладна
Адчуваю,
Але не кахаю!
Люблю ці кахаю, падманы пачуцьцяў…
Тваім верыць фразам
Хачу ды ня буду.
Сёньня, напэўна, мы створым падзею.
Калi побач ты — я вар’яцею.
Позiркам мiлым кранаеш мне вусны,
І цягнеш у клюбы да новай спакусы.
А ранкам прачнуся…
Чаму зноў зьбягаю?
Не разумею, люблю ці кахаю!
Ён прыходзіў да цябе ў хвіліны адчаю.
І казаў: «Уратуй!», а ты: «Хочаш чаю!».
Ён ня любіць гарбату, а паважае віскі,
І не выходзіць на вуліцу, калі вельмі сьлізка.
Ён хацеў расказаць, як бывае цяжка.
Што сьпявае ў клюбах, а хоча як пташка —
Узьляцець высока, распрасьцёрці крылы,
А ты ў адказ: «О, ты такі мілы!».
Яго дачка ў садку, былая на працы,
А ты вось тут, а нібыта ў палацы.
Разважаеш пра вершы Шагала, малюнкі Купалы,
Ну што за бздура, лепш памаўчала б!
Не лыпай вачыма, з фальшывай усьмешкай,
Не кажы больш яму: «Ты такі сьмешны!».
Не разумееш яго, ён не адчувае
І ня любіць цябе ды ўжо не кахае.
Я так люблю цябе,
Я так хачу цябе.
Моцна і дакладна
Адчуваю,
Але не кахаю!
Я так люблю цябе,
Я так хачу цябе.
Моцна і дакладна
Адчуваю,
Але не кахаю!
КАМЕНТАВАЦЬ