Dasha Kola. Усё што трэба — быць сабой (прэм’ера)
Сьпявачка і мадэлька Дар’я Калейчык прэзэнтуе ў новым туры аўдыёчарту на TuzinFM свой новы сынгл «Крок».
Даша распавядае, што музыка заўжды прысутнічала ў яе жыцьці і менавіта зь ёю яна жадала зьвязаць будучыню ды заснаваць уласны праект. Такая магчымасьць зьявілася летась, калі яна вярнулася на Радзіму пасьля ўдзелу і перамогі ў шэрагу міжнародных конкурсаў прыгажосьці (Даша стала «Міс бікіні» на конкурсе «Міс Эўразія» ў Турэччыне і атрымала тытул віцэ-міс на «Міс турызм» у Кітаі). Разам са сваім сябрам аранжыроўшчыкам, гукарэжысэрам Аляксандрам Пазьняком (VAkol Production) яна заснавала праект, які назвала Dasha Kola. Пісаць песьні вырашана было па-беларуску. «Нечакана нават для нас саміх нашы погляды з Сашам на гэтым конт сышліся. У Беларусі існуе яўны недахоп лёгкай музыкі на беларускай мове, таму наш праект мусіць запаўняць гэтую нішу. Наша мэта — паказаць як прыгожа і актуальна можа гучаць беларуская мова ў сучаснай поп-музыцы», — кажа сьпявачка з нагоды прэзэнтацыі на TuzinFM сваёй новай песьні.
«Крок» — другі сынгл яе праекту. Да гэтага быў прэзэнтаваны трэк «Прачнуцца». «Новая песьня — гэта гісторыя растаньня, якая кажа пра тое, што ня варта дужа пераймацца ды перажываць, калі нешта сканчаецца. Варта рухацца наперад, да новых мараў. Жыцьцё не стаіць на месцы і яго варта спазнаць напоўніцу», — кажа сьпявачка.
Сачыць за навінамі праекту можна праз афіцыйную суполку.
Dasha Kola — Крок (музыка і словы Аляксандра Пазьняка). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
TuzinFM
Я ўбачу за хмарамі сонца сьлед,
Што ня бачыла, я з апошняй сустрэчы з табой,
Цеплыню аддаваў толькі гэты плед
Але лёдам кусаў мяне ён той цеплынёй.
А ці думаў ты, што адчую я,
Калі словы гэтыя мне казаў,
Што лягчэй будзе мне, а табе ніяк,
Калі птушкай вольнай у неба мяне адпускаў
Думкі здуе вецер,
Ў пекла ўсе,
Не адзін ты на плянэце
Змоўклі ўсе галасы,
Я ўжо ня чую боль той,
Распускаю валасы,
Ўсё што трэба — быць сабой.
Новы гардэроб, яркі макіяж
У скрыню ўсе твае ўсьмешкі з фотак.
Ў новага жыцьця міраж
Я раблю наступны крок.
Я баюся ў цемры адна стаяць
I палохае вечнасьць доўгіх бяссонных начэй
А ўсе што патрэбна — павязку зьняць
Плаўным рухам рукi, са стомленых, мокрых вачэй.
Паспрабую прайсьці скрозь натоўп людзей,
Што трымаюць за руку і не жадаюць адпускаць
Мне зрабіць толькі крок у новы сьвет надзей,
Я па-іншаму сэнс для свайго жыцьця пачну шукаць.
Думкі здуе вецер,
Ў пекла ўсе,
Не адзін ты на планеце
Змоўклі ўсе галасы.
І любімы голас твой, забываю я
Ў блікі шкла, пульсам белай паласы
Ўспаміны, страх і боль, адпускаю я
КАМЕНТАВАЦЬ