«Дом сувязі». Рэквіем па Дзеду Барадзеду (аўдыё)
Гурт «Дом сувязі» прэзэнтуе ў новым туры на TuzinFM cвой гіт «Дзед Барадзед». Галоўных герояў гэтага трэку можна выкінуць на сьметнік, але немагчыма выкрасьліць з сэрцаў, кажуць музыкі.
Лёс склаўся так, што ў цяжкі пэрыяд жыцьця я закінуў пісаць. Вырашыў неяк, што ні як музыка, ні як паэт ужо ня здольны рэалізавацца. Нават як хобі музыка сышла. І гадоў пяць нічога не пісаў, зрэдку браўся за гітару пасьпяваць сябрам. Зрэдку займаўся іншай творчасьцю: пісаў СТЭМы для ўнівэрсітэцкіх фэстаў.
І недзе гады тры таму, у пошуках ідэі для стэму, загарэўся паказаць дзень на Макаёнка, 9, але дзень у дзевяностых. Панэгірык БТ! Калі па калідорах ходзяць знаёмыя пэрсанажы, калі ў студыях кіпіць сапраўднае творчае жыцьцё, і ствараецца новая беларуская культура. Але ідэю забракавалі як незразумелую для сучасных студэнтаў.
А вобразы ў галаве працягвалі ўсплываць, і патрабавалі рэалізацыі.
«Я достал гитару, и начал петь» ©
За некалькі падыходаў да гітары атрымалася вось такая песьня, якая далей зьмяніла і мяне, і мае імкненьні.
Калі здаралася нагода, сьпяваў яе сябрам і знаёмым, ды незнаёмым. Чуў як падпяваюць, чуў добрыя натхняльныя словы, заўважаў сапраўдны рэзананс. І я адчуў як штось унутры зноўку адкрылася да напісаньня музыкі і вершаў. Насамрэч прарвала! Пачалі стварацца новыя песьні, і так маленькімі крокамі, дзякуючы сябрам, зьявіўся гурт «ДОМ Сувязі».
Песьня пра Дзеда Барадзеда настальгічная. І таму самыя незвычайныя і запамінальныя моманты, гэта калі песьня чапляе тых, у каго яна ня цэліла.
Калі дзевяцігадовы хлопчык прасіў засьпяваць на гітары менавіта Барадзеда, і танчыў пад яе і падпяваў. Ці калі бачыў у сторыс інстаграму, як украінскія хлопцы й дзяўчаты сьпяваюць «Дзе ты Паца-Ваца». Гэта ўражвае, і натхняе.
«Барадзед» ужо не адзіная нашая песьня па-беларуску. Цяпер мы граем тры (зь дзесяці, што ў нашым плэйлісьце), і ў кожнай песьні свая гісторыя (і свой вакаліст дарэчы). Але я не вызначаю загадзя на якой мове буду пісаць, а проста стараюся знайсьці хоць нешта, за што зачапіцца розумам, намацаць мэлёдыю, тэму, нейкія радкі. Часам гэта расейскамоўныя радкі, часам беларускія. Наступствы білінгвічнае натуры.
Адно мы ўпэўнена можам казаць, што будзем і далей сьпяваць на абедзьвюх мовах, бо такой і зьяўляецца нашая падвойная рэчаіснасьць, а мы яе адлюстраваньні.
Максім Марозаў, «ДОМ сувязі», для TuzinFM
ДОМ сувязі — Дзед-Барадзед (музыка і словы Максіма Марозава)
Гулі ўсе і казкі ўсе пахаваны занядбаны
Дзе вы мае мары дзе? Зьніклі вы са ўсіх экранаў
На небе пяць зорак зьнічкамі сталі
І лопнуты кімсьці паветраны шарык
Дзе ты Дзед-Барадзед?!
Дзе ты Паца-Ваца?!
Мне адному бяз вас
Страшна заставацца
Крок наперад два назад і невідзьмо нічаго там
За ўздымам заняпад. За вяршыняю балота
І сумная толькі адна панарама
Усё не нармальна мама!
Дзе ты Дзед-Барадзед?!
Дзе ты Паца-Ваца?!
Мне адному бяз вас
Страшна заставацца (2 р.)
Дзе ты Дзед-Барадзед
Дзе мой дзіцячы сьмех
Дзе мой дзіцячы сьвет
Дзе тэлевізар Гарызонт
Пятае пакаленьне
Маё пакаленьне
Расло ў летуценьнях
Вырасьлі хлопчыкі
Вырасьлі дзяўчынкі
Ужо іншыя цацачкі
Іншыя машынкі
Іншыя казачкі па тэлебачаньні
Няўжо ўсё страчана?
Дзе ты Дзед-Барадзед?!
Дзе ты Паца-Ваца?!
Мне адному бяз вас
Страшна заставацца (2 р.)
КАМЕНТАВАЦЬ