Zatoczka — каманда пад «белымі крыламі» (прэм’ера)
Магілёўскі гурт Zatoczka прэзэнтуе на TuzinFM новы сынгл «Белыя крылы». Музыкі прымеркавалі прэм’еру да Дня Волі.
Новая песьня ад «Заточкі» — надзвычай лірычная і пяшчотная. «Яна пачынаецца з радкоў пра цёплы вясновы дзень. Менавіта такім мне бачыцца каханьне — прыветным, чыстым і сонечным», — кажа лідэр каманды Макс Астравухаў. На вокладцы сынглу зьмешчаная праца мастачкі Марыны Палагуты. Сама аўтарка кажа, што ўсе людзі заслугоўваюць каханьня, нават хлопец зь бітаю і ў падцяжках. Гэтая карціна выстаўленая ў дзяржаўнай галерэi iмя Вашчанкі ў Гомелi.
Гэтай песьняй музыкі віншуюць слухачоў з Днём Волі: «Давайце ўшаноўваць і паважаць нашую Краіну — краіну пад белымі крыламі. Нашая задача перадаць наступнаму пакаленьню моцную дзяржаву!» — кажуць музыкі.
Zatoczka цяпер запісвае новыя трэкі для свайго другога альбому, а таксама рыхтуецца да жывых выступаў. Найбліжэйшыя — на магілёўскім сходзе футбольных фанатаў у красавіку, на сьвяткаваньні 30-годзьдзя фанацкага руху ў Гомелі ў траўні, канцэрт у Кіеве ў чэрвені.
TuzinFM
Zatoczka — Белыя крылы (музыка гурта, словы Макса Астравухава)
Цёплы вясновы дзень
Усьмешкай дзялюся сваёй
Сёньня самы шчасьлiвы
Я сустрэўся з табой
I ты рэальна, i я жывы
Я ведаю, мы будзем любiць
Раптам ператварымся ў сьнег
I будзем у вокнах кружыць
Па-над белымi крыламi горад мой
Па-над белымi крыламi мы з табой
Гэта цуд мы лятаем, кроплi сонца шукаем
О-о-о-о-о
Вiтаю мой чалавек
Калi мы з табой удваiх
Мы сьветам валодаем цалкам
Жывыя сярод жывых
Мы проста гуляем, марым, чакаем
Напэўна вучым любiць
А можа ў сонца ператварымся
I будзем усiх будзiць
Па-над белымi крыламi горад мой
Па-над белымi крыламi мы з табой
Гэта цуд мы лятаем, кроплi сонца шукаем
О-о-о-о-о
КАМЕНТАВАЦЬ