
Пётар Клюеў. Ёсьць шкала адна (прэм’ера)
У новым туры аўдыёчарту на Tuzin.fm праект Пятра Клюева і Ўладзімера Майсюка прадстаўляе песьню «Амплітуда сьмеласьці» на верш Рыгора Барадуліна, якая натхніла музыкаў на стварэньне праекту.
«Амплітуда сьмеласьці» — верш з аднайменнага зборніку народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, які выйшаў у 1983 годзе. Праз 30 гадоў ён трапіў у рукі да музыкі Пятра Клюева і натхніў яго на стварэньне музычнага праекту — напісалася музыка да гэтых словаў, а па выніку і за назву гурта былі ўзятыя гэтыя словы. «Тэкст вершу дужа мяне крануў і ўсхваляваў. Гэта прэтэнзія да сябе самога, на колькі хапае сьмеласьці на нейкія чыны, каб быць мацнейшым, лепшым, больш годным чалавекам, артыстам, грамадзянінам, — кажа Пётар. — Мы з хлопцамі хочам несьці ня толькі моцны сэнс ў тэкстах, але і сэнс у музыцы — музычны мэсэдж. Таму будзем мяшаць стылі, шукаць свой груў, рабіць, што адчуваем, будзем правяраць сваю амплітуду сьмеласьці».
Музычны праект «Amplituda Śmielaści» Пётар заклаў зь вядомым гітарыстам Уладзімерам Майсюком. Таксама ў склад каманды ўваходзяць басіст Алесь-Францішак Мышкевіч, гітарыст Павал Трыпуць і бубнач Аляксандар Старажук. Гурт дэбютаваў на сцэне на акцыі «Салідарныя зь Беларусьсю» ў Варшаве 2 кастрычніка 2015 году. Цяпер музыкі працуюць над новым матэрыялам і музычным відэа. Сачыць за навінамі праекту можна праз афіцыйную суполку ў Facebook.
Песьня «Амплітуда сьмеласьці» возьме ўдзел у 4-м туры аўдыёчарту на Tuzin.fm.
Amplituda Śmielaści — Амплітуда сьмеласьці (музыка Пятра Клюева, словы Рыгора Барадуліна). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm, фота Charter97.org
Хоць для вока не відна,
У одапісу, ў мэлясе
Ёсьць свая шкала адна —
Амплітуда сьмеласьці.
Шэф — вялікі,
Ты — малы,
Твой аклад у цэласьці,
Ты пільнуесься шкалы
Амплітуды сьмеласьці!
Не хадзі па бітым шкле.
Да васковай сьпеласьці
Адхіляйся па шкале
Амплітуды сьмеласьці.
Думка дзёрзкая была,
Ды чаму ж сумелася?
Не пускае зноў шкала —
Амплітуда сьмеласьці!
Хочаш скразнякоў,
Сьвятла,
Пахвала прыелася, —
Вытры ўсю шкалу
Датла,
Набярыся сьмеласьці!
КАМЕНТАВАЦЬ