Icarus Messerschmitt
У першым туры альбомнага чарту ў сэзоне 2018/2019 на TuzinFM бярэ ўдзел альбом «Icarus Messerschmitt» ад экспэрымэнтальнага праекту Autonomicon.
Для Autonomicon, які пазыцыянуе сябе як беларуска-польскі гурт, гэты альбом чацьверты за 14 гадоў існаваньня. Частка песень зь яго прэзэнтавалася на TuzinFM. Спачатку ў выглядзе самотніку зьявілася песьня «Менск-непараменск», якая, са словаў музыкаў, уяўляе зь сябе падарожжа ў краіну змрочных станаў псыхікі. А сьледам выйшаў міньён «Kali». Агулам жа праца над «Icarus Messerschmitt» цягнулася чатыры гады ў розных краінах сьвету — уласна ў Беларусі і Польшчы, а таксама ў Нямеччыные і Віетнаме.
Канцэпцыя альбому ў тым, каб паказаць шлях ад адчайнага бездапаможнага жаху да надзеі. Лідэр каманды Дэн Трусаў кажа, што размова ідзе найперш пра дэканструкцыю мэлёдыкі і эмацыйнасьці (як у песьнях «Зверь» і «Всё-таки теплей»). У трэку «Там обедают удилами» робіцца спроба паставіць дыягназ сучаснаму грамадзтву, а таксама спроба намацаць беларускі дыскурс і сябе ў гэтым дыскурсе («Дрыгва сапіенс», «Шыва прызямліўся ў Гародні», «Тры мацi»).
Агулам жа Autonomicon — адкрыты праект. Акром заснавальнікаў каманды — трох школьных настаўнікаў Дэна Трусава, Жэні Герасімчука ды Андрэя Куцко да запісу далучыліся музыкі з гуртоў Earworm, «Пагост», «Лола». Графічнае аздабленьне зрабіў менскі ілюстратар Алекс Навіцкі. За тэксты ў гурце адказныя паэткі Дзіна Мележ, Ульяна Заварацiнская, Марэла Язерская.
Музыка Autonomicon уяўляе зь сябе сумесь наіўных на першы погляд lo-fi балядаў, падобных да Velvet Underground ды шумавых эфэктаў, якія могуць нагадаць пра японскую minimal noise і glitch-сцэну. «Icarus Messerschmitt» высока ацанілі беларускія і замежныя музычныя журналісты. Па выніках 2017 году яго ўключылі ў топ-10 найлепшых беларускіх альбомаў Тацяна Заміроўская, Максім Жбанкоў, Мікалай Янкойць, Ілмарс Шлапінс з Латвіі, Эмілія Высоцкайтэ зь Літвы.
«Шурпатая і рыпучая нязручная рэч, якая існуе насуперак усялякім трэндам. А таму асабліва важная — як паказ магчымых крэатыўных дзеяньняў у нашай запаволенай прасторы», — так выказаўся пра альбом культуроляг Максім Жбанкоў.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ