Анімаваны Камоцкі (відэа)
Алесь Камоцкі прадстаўляе ў відэачарце на Tuzin.fm кліп на песьню «Шукай мяне», які зрабіла мастачка Натальля Чаткова. Цікава, што гэты твор быў напісаны адмыслова для роліку.
Выпадак даволі рэдкі, калі выканаўца піша песьню дзеля яе далейшага відэаўвасабленьня. Звычайна адбываецца наадварот. Алесь Камоцкі пазнаёміўся з маладой мастачкай Натальляй Чатковай праз свайго сябру — той быў выкладчыкам у яе ў Акадэміі мастацтваў. Размова прыйшла да таго, што будзе Камоцкаму кліп, сабраны з ранейшых напрацовак Натальлі. «У пэўны момант мастачка сказала, што хоча намаляваць кліп з пачатку, тады і я сказаў, што напішу песьню з нуля на зададзеную тэму. Так і зьявілася „Шукай мяне“ — песьня пра тое, што мы ўсё шукаем па белым сьвеце нечага, а самае галоўнае ўжо ў нас ёсьць, варта толькі ўважліва агледзіцца», — распавядае Алесь Камоцкі.
Праца над запісам трэку і над стварэньнем відэа вялася адначасова. Празь месяц кліп ужо быў гатовы. «Маё першае ўражаньне пасьля прагляду — вельмі хочацца працягу», — згадвае Алесь Камоцкі момант, калі ўпершыню пабачыў відэаўвасабленьне «Шукай мяне». Працяг сапраўды быў, праўда ня ў відэа, а ў дызайнэрскай справе. Менавіта Натальля Чаткова аздобіла апошнія дыскі выканаўцы.
Алесь Камоцкі — Шукай мяне (рэжысэр — Натальля Чаткова). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ