Гадаванка дуэту «Аляксандра і Канстанцін» скарыла фэстываль у Баўгарыі (аўдыё)
12-гадовая сьпявачка Ганна Валюк стала ляўрэаткай эўрапейскага фэстывалю дзіцячай музыкі «Златни искри» ў Баўгарыі.
Ганна — самая пэрспэктыўная гадаванка Аляксандры Кірсанавай і Канстанціна Драпезы, якія акром свайго артыстычнага жыцьця прысьвячаюць багата часу працы з адоранымі дзецьмі. Ганна Валюк ужо тры гады займаецца ў іх вакалам. «Мы пачалі рыхтацца да гэтага конкурсу яшчэ ўзімку, як толькі атрымалі запрашэньне, — распавядае Аляксандра. — Вырашылі абавязкова прадставіць адну зь песень на беларускай мове і гэта сапраўды нам паспрыяла. Дзеці на конкурсе намагаліся прыпадабніцца да такіх зорак як Крыстына Агілера ці Сэлін Дыён, а калі трэба было выканаць арыгінальны сьпеў, то шмат хто губляў і тэмбральную прывабнасьць і вакальную ўпэўненасьць».
У эўрапейскім фэстывалі дзіцячай музыкі «Златни искри» («Залатыя іскры»), што праводзіўся ў Варне, удзельнічалі дзеткі зь сямі краінаў — Баўгарыі, Расеі, Украіны, Беларусі, Азэрбайджану, Македоніі і Мальты. Ганна Валюк скарыла журы выкананьнем песьні «Рэчанька» і стала ляўрэаткай конкурсу, уладальніцай другой прэміі.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ