«Аляксандра і Канстанцін» запісалі «My Galileo» па-беларуску (прэм’ера)
Беларускамоўная вэрсія першай беларускай песьні на конкурсе «Эўравізія» ўвойдзе ў пяты нумарны альбом дуэту.
Беларускі «Галілей» зроблены ў найлепшых традыцыях кантры-музыкі. Тэкст належыць Аляксею Саламаху — ён жа быў аўтарам арыгінальнай кампазыцыі, зь якой «Аляксандра і Канстанцін» паехалі на першы для Беларусі конкурс «Эўравізія-2004». «У новым альбоме мы аддаем перавагу беларускаму матэрыялу, у нас багата новых песень. А стылістычна наш дыск будзе ўяўляць мікс этна, кантры, рок- і поп-музыкі», — кажуць музыкі. Іх папярэдняя праца «М1» была прызнаная альбомам сэзону 2013—2014 па выніках галасаваньня на Tuzin.fm і ўвайшла ў тройку найлепшых у намінацыі «Поп-музыка» па вэрсіі Experty.by.
Дуэт актыўна гастралюе. Улетку яны выступалі на фэстах у Латвіі, Баўгарыі, Расеі, даюць канцэрты ў Беларусі. Акром таго Аляксандра і Канстанцін займаюцца прадусаваньнем маладых выканаўцаў. З апошніх посьпехаў — іх гадаванка Паліна Карніцкая ўзяла Гран-Пры ў конкурсе «Залатыя іскры» ў Баўгарыі.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ