2732 / 3
22.07.2014

Landau ўзялі Гран-пры на польскім фэсьце Wielki Ogień

Берасьцейскі гурт атрымаў галоўны прыз, а таксама ўзнагароду за найлепшую інтэрпрэтацыю песьні Міры Кубасінскай.

Славутай польскай сьпявачцы якраз прысьвечаны блюз-рокавы фэстываль «Wielki Ogień», што праводзіцца ў горадзе Астровец-Свентакшыскі з 2007 году. У яго межах праходзіць конкурс сярод маладых камандаў, дзе гурты выконваюць свае аўтарскія творы. Landau сёлета прызнаныя на ім найлепшым сярод 15 гуртоў. Пасьля ўзнагароджаньня гурт адыграў 40-хвілінны сэт на сцэне фэстывалю.

Асобна вылучалі за найлепшую інтэрпрэтацыю творчасьці Міры Кубасінскай. Беларусы абралі для выкананьня песьню «Poszlabym za toba», зрабіўшы яе ў сваім адметным стылі. І таксама атрымалі галоўную ўзганагароду. «Нам прыйшлася даспадобы добрая арганізацыя фэсту, вялікая і ўтульная сцэна і тое, як нас прымалі», — адзначыла ў камэнтары для Tuzin.fm вакалістка каманды Алена Калейнікава. Гітарыст Landau Андрэй Кухарчык дадаў, што найбольш цёпла польскія гледачы прынялі іх песьні, што ўвайшлі ў беларускамоўны сынгл «Śniežań», які гурт прэзэнтаваў у траўні. У асноўным творчасьць каманды ангельскамоўная, але яны маюць намер і надалей ствараць песьні на сваёй мове. На нядаўнім канцэрце ў Менску яны прадставілі песьню «Поўнач».

Для Landau гэта ня першая перамога ў фэстывалях. Сёлета яны адзначыліся яшчэ на трох фэстах — занялі 1-е месца на XVI Iławska Fama Rock Festiwal і ZMRock 2014, а таксама сталі ляўрэатамі фэсту Around the Rock.

Tuzin.fm

Тэгi:

КАМЕНТАРЫ: