Гарадзенскія ўлады забаранілі сустрэчу зь Дзянісавым і Памідоравым у сынагозе (абноўлена)
2783 / 1
09.04.2015

Гарадзенскія ўлады забаранілі сустрэчу зь Дзянісавым і Памідоравым у сынагозе (абноўлена)

Вечарына з удзелам музыкаў мусіла адбыцца 12 красавіка ў будынку харальнай сынагогі. Акцыя мелася быць дабрачыннай.

За тры дні да пачатку мерапрыемства яго арганізатары вымушаныя паведаміць, што яно не адбудзецца. Цікавасьць да імпрэзы была вялікая, меркавалася, што ў гэты дзень у сынагозе зьбярецца шмат людзей, каб паслухаць песьні гарадзенскага музыкі Алеся Дзянісава («КальЯн», «Людзі на балоце», Dzieciuki) і менскага госьця Аляксандра Памідорава. Дзянісаў меўся выканаць праграму на вершы Алеся Чобата, а Памідораў рыхтаваў адмысловы выступ зь песьнямі на ідыш. Падчас бясплатнай вечарыны меркавалася сабраць сродкі на рэстаўрацыю харальнай сынагогі. «Канцэрт не адбудзецца, бо нам была выказаная заўвага аб немэтанакіраванным выкарыстаньні памяшканьня», — паведаміў парталу Tuzin.fm старшыня Рады юдэйскай рэлігійнай абшчыны Горадні Барыс Квяткоўскі і перапрасіў — дэталі ён паведаміць пакуль ня можа, праводзіць экскурсію.

Як стала вядома Tuzin.fm зь неафіцыйных крыніцаў, вечарынай з удзелам Дзянісава і Памідорава зацікавіліся гарадзенскія ідэолягі, але забарона сыходзіла ад адзьдзелу па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэту. Спрабуем атрымаць афіцыйныя тлумачэньні ад чыноўнікаў адносна гэтай сытуацыі.

«Канцэрт у любым разе мы правядзем і грошы на сынагогу зьбярэм, проста адбудзецца гэта ў іншым месцы», — заявіў Алесь Дзянісаў.

Абноўлена 10.04 у 13.29.  Начальнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы Гарадзенскага аблвыканкама Павал Скрабко даў тлумачэньні Tuzin.fm з нагоды забароны творчага вечара Алеся Дзянісава і Аляксандра Памідорава ў гарадзенскай сынагозе:

«Меркаваная сустрэча мусіла мець масавы характар і праводзіцца ў культавым будынку, які знаходзіцца на балянсе грамадзкай юдэйскай абшчыны, яна не магла праводзіцца самавольна. Яе правядзеньне павінна быць узгоднена ў адпаведнасьці з заканадаўствам, як масавае мерапрыемства. Гэтак жа узгадняюцца правядзеньні мерапрыемстваў у Фарным касьцёле ці ў лютэранскай кірсе ў нашым горадзе. Між тым, ніякіх зваротаў адносна мерапрыемства 12 красавіка ад арганізатараў да нас не паступала». 

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    11.04.2015 / 18:05

    Канцэрт Аляксандра Памідорава і Алеся Дзянісава пройдзе ў гарадзенскай галерэі «Крыга» (вул. Савецкая, 3—11) 12 красавіка

  • КАМЕНТАВАЦЬ