2488 / 0
23.07.2014

«Адыс Абэба» запіша новы альбом з Neuro Dubel, «Дай дарогу!» і Памідоравым (аўдыё)

У запісе новага альбому вядучага рэгі-гурта краіны возьмуць удзел музыкі ня толькі зь Беларусі, але і зь іншых краінаў сьвету.

Як паведаміў Tuzin.fm лідэр «Адыс Абэбы» Дзіма Іваноў праца над новым альбомам ужо ідзе: «Ідэя запісаць сумесныя трэкі зь іншымі музыкамі лунала даўно, дайшла да таго, што зь іх будзе складацца аснова будучага альбому, хоць прадугледжаны і сольныя трэкі. Па музыцы ён атрымаецца вельмі разнастайным — будзе і панк, і гардкор. Спадзяюся, што наш слухач нас зразумее ў сувязі са зьменай гучаньня, праз альбом вернемся да звыклай рэгі-стылістыкі». Мяркуецца, што ў працы возьмуць удзел шмат запрошаных гасьцей, сярод іх гурты Neuro Dubel, «Дай дарогу!», «Красные звёзды», Аляксандар Памідораў, а таксама шэраг замежных выканаўцаў, сярод якіх музыка зь Ямайкі Karubel.

Праект мае працоўную назву «Адыс Абэба і сябры». Пераважная частка песень належыць аўтарству Дзімы Іванова, хоць будуць і нечаканасьці. Так, напрыклад, музыка хоча ўключыць у будучы дыск песьню на верш паэта Алеся Разанава, творчасьцю якога захапляецца яшчэ з школьных часоў. Рэліз альбому заплянаваны на 2015 год.

Tuzin.fm