Андрэй Апановіч з Litvintroll: «Мы будзем працягваць сваю справу» (абнаўляецца)
Вядомая беларуская мэтал-каманда абвесьціла пра самароспуск на сваёй афіцыйнай старонцы, аднак частка музыкаў абвяргае гэтае рашэньне.
Заява была зроблена ў афіцыйнай суполцы гурта, літаральна празь дзень пасьля сумеснага канцэрту ў Менску з фінскай камандай Finntroll і сталася поўнай нечаканасьцю для прыхільнікаў адметнай каманды. «Ансамбль Litvintroll спыняе сваё існаваньне. За дзесяцігодзьдзе свайго жыцьця мы прайшлі шмат дарог, адыгралі безьліч канцэртаў і спаткалі сапраўдных сяброў. Гэта быў насычаны час. На жаль, ня ўсе ўдзельнікі гурта ўсьведамляюць тую адказнасьць, якую накладае званьне музыкі, таму з гэтага моманту гурт Litvintroll абвяшчаецца распушчаным», — сказана ў заяве.
Лідэр гурта Андрэй Апановіч на просьбу пракамэнтаваць парталу Tuzin.fm гэтае рашэньне адказаў: «Пакуль мне нельга казаць нічога, тлумачэньні будуць пазьней». Чакаецца, што ўвечары 10 красавіка зьявіцца дадатковае паведамленьне.
Дададзена 10.04 у 12:33. На просьбу Tuzin.fm сытуацыю пракамэнтаваў Васіль Верабейчыкаў, удзельнік і фактычна дырэктар Litvintroll: «Мы разышліся ў выніку спрэчак адносна далейшай будучыні гурта. Мая прапанова была ўпарадкаваць свае дзеяньні, падпісаць кантракт, каб стаць больш прафэсійнай камандай. Іншыя ўдзельнікі з прапановамі не пагадзіліся і захацелі, каб я сышоў з гурта. Паколькі правы на гурт зарэгістраваныя на мяне, то надалей ён існаваць ня можа, хоць я і спадзяюся на тое, што мы дамовімся. Ня ведаю, што будзе далей па-шчырасьці».
Дададзена 13.04. Праз два дні пасьля заявы аб распадзе, чатыры ўдзельнікі гурта ўключна з вакалістам Андрэем Апановічам зрабілі афіцыйную заяву:
«Інфармацыя пра распад зьяўляецца рашэньнем аднаго чалавека, у руках у якога апынулася занадта шмат магчымасьцяў, паролі ад сацсетак і пошты ансамблю. Нягледзячы на гэта, мы па-ранейшаму ходзім на рэпэтыцыі і працуем над новым матэрыялам. Дзякуй нашым прыхільнікам за падтрымку. Мы хочам сказаць, што будзем працягваць справу, распачатую ў 2005 годзе», — вядзецца ў відэазвароце, запісаным чамусьці па-расейску.
Ня выключана, што музыкі на чале з Андрэем Апановічам будуць выступаць пад новай назвай, калі ў іх не атрымаецца знайсьці паразуменьня з Васілём Верабейчыкавым.
Tuzin.fm
зусiм здурнелi? ну вось навошта, а??? :(
спадзяюсь, што гэта навіна - фэйк, "фальшыўка, зробленая ў Польшчы", ці як там гавораць...
Случайно увидел Вас на разогреве перед Лемми - отработали достойно. Уровень исполнения приличный, если есть идеи - не разбегайтесь. Хотелось бы еще не раз услышать. Удачи !
КАМЕНТАВАЦЬ