2628 / 0
06.08.2014

Рома Сухоцкі: «Размаўляю па-расейску, але пісаць інакш як па-беларуску не магу» (відэафільм)

Гурт Avias прадставіў 22-хвілінны музычны фільм «Колеры. Live».

«Гэта нашае першае вялікае відэа, якое мы зрабілі самастойна», — паведамляюць музыкі гурта ў сваёй афіцыйнай суполцы. Праца над ім пачалася яшчэ да выхаду самога альбому «Колеры» і меркавалася як прома-відэа да самой кружэлкі, каб прадэманстраваць як гурт гучыць ужывую. У 22-хвіліннае відэа ўвайшлі пяць песень, а таксама інтэрвію з музыкамі. Лідэр каманды Раман Сухоцкі, у прыватнасьці, прызнаецца ў гэтым фільме: «Я размаўляю па-расейску, а пішу песьні па-беларуску, бо гэта працэс несьвядомы, карані якога ляжаць у дзяцінстве. Я нават ня думаю на іншай мове, акром беларускай, калі вядзецца пра напісаньне песень, хоць мову рэдка дзе ўжываю яшчэ. Менавіта на ёй мае думкі выяўляюцца найбольш шырока».

У «Колеры. Live» ўвайшлі наступныя песьні: «Навіны» (0:16), «Падман зроку» (4:22), «Абяцанае» (8:43), «Межы» (12:28), «НЛА» (17:24).

Tuzin.fm