Joanna прэзэнтуе EP «Небасхіл» (прэм’ера)
Сьпявачка Яніна Караткова прадстаўляе на Tuzin.fm EP «Небасхіл» свайго праекту Joanna, у якім пяецца пра каханьне, зьдзяйсьненьне мараў і пра веліч беларускай гісторыі.
Менавіта са сьпевам «Небасхіл» поп-сьпявачка зь Берасьця трапіла ў фінал беларускага нацыянальнага адбору на «Эўравізію» ў 2014 годзе. Цяпер яна прадстаўляе гэтую песьню ў студыйным варыянце разам з двума іншымі творамі — «Волат» і «Каляровыя сны». «Я люблю сьпяваць па-беларуску, бо нашая мова найлепш дазваляе перадаць усе пачуцьці і настрой, які закладзены ў маіх творах. Мне блізкая лірычная манера сьпеву. Сьпяваю пра каханьне і пра зьдзяйсьненьне мараў, а ў песьні „Волат“ апяваецца веліч і прыгажосьць беларускіх старажытных будынкаў», — распавядае Яніна пра свае творы з нагоды прэм’еры на Tuzin.fm. Песьні, дарэчы, для яе піша бацька — Юры Давыдзюк, кампазытар і аранжыроўшчык з Кобрыню.
Са сваім музычным праектам Joanna мае намер надалей скараць конкурсы і фэстывалі ды ўсяляк пашыраць кола слухачоў. Сьпявачка кажа, што на некаторых радыёстанцыях яе песьні ўжо ўзялі ў ратацыю.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ