
Zeman прэзэнтаваў альбом, што задумваўся як візытоўка беларускага рэпу (аўдыё)
У альбом «Коска» ўвайшлі 16 трэкаў, у запісе якіх узяла ўдзел каманда з 15 чалавек.
Працу над беларускамоўным альбомам «Коска» Zeman пачаў год таму, пасьля выданьня расейскамоўнага «Квадрата». Выканаўца нават ня ўзяў паўзу, а працягнуў запісваць новыя трэкі разам зь Сяргеем Комарам, вядомым як KamaZ — саўндпрадусарам Макса Каржа. Праўда што падчас працы давялося перайсьці з студыі Nestanda на Super 8.
«Гэтым разам я ўсклаў на сябе даволi цяжкую мiсiю. Хацелася зрабiць вiзытоўку беларускага рэпу, паказаць яго асабiстыя рысы, уласьцiвыя толькi яму, даказаць, што ён адрозьнiваецца ад расейскага. Хацелася дасягнуць гучаньня хiба больш польскага. Атрымалася цi не — тут ужо вырашаць слухачу, але адное магу сказаць дакладна — пастаралiся мы з усёй камандай, а гэта каля 15 чалавек, на славу», — заявіў Zeman. У якасьці гасьцей на альбоме ўзялі ўдзел шэраг іншых рэп-выканаўцаў, сярод якіх Sviedak (PanaNieba) і Вожык. На альбоме ёсьць рэп-кавэр на песьню «Крама» — «Падае дождж».
Пра дату канцэртнай прэзэнтацыі альбому «Коска» выканаўца пакуль нічога ня можа сказаць. Кажа, што такіх плянаў ня мае, але калі будуць прапановы, то не адмовіцца.
Альбом можна спампаваць у афіцыйнай суполцы выканаўцы.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ