
«Рок-кафэ» ў цэнтры Менску: «За жывы гук, але бяз кавэр-бэндаў»
У будынку Палацу рэспублікі адкрылася новае месца для правядзеньня канцэртаў.
«Рок-кафэ» знаходзіцца ў памяшканьні, дзе дагэтуль быў караоке-бар. Месца здольнае зьмясьціць каля 150 чалавек. Канцэрты тут праводзяцца яшчэ зь лета, але афіцыйнага адкрыцьця не было. З самых удалых імпрэзаў — вечарына памяці Віктара Цоя, закрыцьцё мотасэзону, сольны канцэрт гурту з Рагачову «Ойра» ды акустычны канцэрт піцерскай каманды «Операция Пластилин». Пра канцэпцыю ўстановы Tuzin.fm распавёў арт-дырэктар «Рок-кафэ» Антон Маслыка: «Мы ладзім жывыя канцэрты толькі тых музыкаў, якія займаюцца ўласнай творчасьцю. Кавэр-бэнды нас не цікавяць. Вітаем рок, гэві-мэтал, панк, ска-панк, нават аўтарскую песьню. Электронікі і поп у нас не было. І спадзяюся ня будзе».
Найбліжэйшы канцэрт у «Рок-кафэ» адбудзецца ў ноч з 2 на 3 сьнежня. У ім выступіць берасьцейскі гурт PlumBum, сольны праект клявішніка Цімура Рэйзіса Mokh&Fog ды шэраг іншых камандаў. Сачыць за афішай можна ў афіцыйнай суполцы кафэ.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ