Сяргей Пукст агучыць яшчэ адзін нямы фільм (відэа)
2654 / 0
24.09.2014

Сяргей Пукст агучыць яшчэ адзін нямы фільм (відэа)

Музыка рыхтуе музычнае суправаджэньне да стужкі Дзігі Вертава «Чалавек з кінаапаратам» (1929). Паказ адбудзецца ў Нацыянальным мастацкім музэі.

Гэтая нямая стужка лічыцца знакавай у гісторыі сусьветнага кінэматографу, нязьменна называецца найлепшай ў рэйтынгах найлепшых дакумэнтальных фільмаў усіх часоў. Сяргей Пукст агучыць яе ў межах арт-праекту «Zabor», які цяпер выстаўляецца ў Нацыянальным мастацкім музэі. «Я пастараюся падкрэсьліць вынаходлівасьць і наватарскі падыход Дзігі Вертава, бо ён сапраўды дае вялікую прастору для экспэрымэнтаў. Фільм сугучны са мной у найвышэйшай ступені. Магу паабяцаць, што павялічу экстрымальны складнік, які прысутнічаў і раней у падобных праектах», — сказаў выканаўца ў камэнтары для Tuzin.fm. «Чалавек з кінаапаратам» з жывой музыкаю Пукста пакажуць 27 верасьня ў Нацыянальным мастацкім музэі ў 17:00. Працягласьць фільму 66 хвілін.

Да гэтага Сяргей Пукст агучваў сваёй музыкай клясычны беларускі фільм «Кастусь Каліноўскі» (1927) у межах праекту «Тузін.Немаўля». Кінаканцэрты адбыліся ў межах кінафэстываляў «Bulbamovie» і «Лістапад», музычных фэстаў «Mirum» і «Басовішча», у Падляскай опэры і філярмоніі, клюбах Менску і Віцебску, а таксама на радзіме Каліноўскага ў Мастаўлянах.

Tuzin.fm