Вера Бурлак і Віктар Жыбуль: «Беларуская паэзія просіцца быць пакладзенай на музыку» (відэа)
Паэты Вера Бурлак, Віктар Жыбуль ды іх сын Кастусь зьвярнуліся да патэнцыйных удзельнікаў конкурсу «Засьпявай.BY».
«Беларуская паэзія — шырокае поле дзейнасьці для беларускіх музыкаў. Наша паэзія вельмі рытмічная, мэлядычная, яна так і просіцца быць пакладзенай на музыку. Нават словы „пясьняр“ і „паэт“ у беларускай мове сынонімы», — адзначыў Віктар Жыбуль, паэт-авангардыст, пэрформэр, літаратуразнаўца, адзін з актыўных удзельнікаў руху «Бум-бам-літ».
«Беларуская паэзія — адна з самых непрачытаных у сьвеце. Часам падаецца, што па-беларуску больш пішуць, чым чытаюць і што застаюцца тэксты, не ахопленыя вокам чытача. У нашай паэзіі вельмі шмат цікавага для музыкаў, як па тэматыцы, так і па рытмах. Гэта скарбы, якія яшчэ неспазнаныя і незасвоеныя», — дапаўняе Віктара яго жонка, таксама паэтка Вера Бурлак (Джэці). Яны абое падтрымалі ідэю конкурсу «Засьпявай.BY».
Дарэчы, Віктар і Вера таксама займаюцца музыкай. Жыбуль граў у гуртах «Рацыянальная дыета» і «Засралі казарму», Вера — інструмэнталістка ў апошнім згаданым гурце, а таксама выканаўца песень на ўласныя вершы.
Пазнаёміцца з паэзіяй Віктара Жыбуля можна тут, а з творчасьцю Веры Бурлак — тут.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ