Пераможца «Бардаўскай восені — 2014» Алесь Ясінскі: «Не хацеў, каб мне давалі Гран-Пры»
2909 / 0
03.11.2014

Пераможца «Бардаўскай восені — 2014» Алесь Ясінскі: «Не хацеў, каб мне давалі Гран-Пры»

Музыка прызнаўся пасьля ўручэньня, што аддаў бы Гран-Пры фэсту Сяргею Башлыкевічу.

Перамога Алеся Ясінскага на 21-м фэстывалі «Бардаўская восень» апынулася нечаканасьцю. Справа ў тым, што гэты музыка ня браў удзелу ў адборы на фэст, што нават дало падставы некаторым падумаць, што ён трапіў на імпрэзу дзякуючы Алесю Кату-Зайцаву, каардынатару «Бардаўскай восені» ў Беларусі і лідэру гурта Bosae Sonca, у якім якраз задзейнічаны Ясінскі. «Саша патрапіў на фэст як замежны канкурсант, бо жыве цяпер у Празе. Паводле ўмоваў „Бардаўскай восені“ канкурсанты зь іншых краінаў адбіраюцца арганізатарамі паводле запісаў, без удзелу ў адборачным канцэрце ў Менску», — патлумачыў Tuzin.fm Алесь Кот-Зайцаў.

На сваім выступе ў Бельску-Падляскім Алесь Ясінскі прадставіў песьні як на свае вершы, так і на вершы Ўладзімера Караткевіча. Ён вядомы перадусім як баяніст, аранжыроўшчык, як лідэр інструмэнтальнага праекту Unlimited Trio, пра які распавядаў ужо Tuzin.fm. Уласныя песьні стаў пісаць з год таму. На перамогу ў «Бардаўскай восені» Алесь не разьлічваў, а пасьля фэсту нават прызнаўся, што не хацеў, каб яму давалі Гран-Пры: «Я аддаў бы абсалютную перамогу Сяргею Башлыкевічу», — зазначыў музыка.

Дарэчы, Башлыкевіч таксама быў адзначаны як пераможца фэсту і атрымаў прыз ад Беларускага Радыё Рацыя. Яшчэ адзін прыз — ад бурмістра Бельску-Падляскага і старасты Бельскага павету атрымаў Зьміцер Вінаградаў. Свае першыя запісы Алесь Ясінскі абяцае зрабіць у самы бліжэйшы час і прадставіць да ўвагі наведнікам нашага парталу.

Яшчэ: Баяніст «БосагаСонца» даў элегантны адлуп тролям з Tut.by (відэа)

Tuzin.fm