«J:морс» далі канцэрт у небе (відэа)
2246 / 0
06.11.2014

«J:морс» далі канцэрт у небе (відэа)

Гурт выступіў на борце самалёта «Белавіа», што ляцеў па маршруце Менск-Амстэрдам. Канцэрт праходзіў на вышыні 10 кілямэтраў і на хуткасьці 250 мэтраў на сэкунду.

Гэта першы выпадак у беларускай музычнай гісторыі, калі гурт дае канцэрт у палёце. Ідэю падтрымала кіраўніцтва «Белавія». Да выступу музыкі рыхтаваліся зь месяц. Асноўная тэхнічная цяжкасьць палягала ў тым, што ў самалёце нельга падлучаць электрычныя прыборы. Быў знойдзены апарат, які працуе на батарэйках. Але ўсё адно было няпроста, кажа Ўладзімер Пугач. Ціск на вышыні іншы, закладае вушы, самалёт гайдаецца, таму граць і сьпяваць часам было цяжка. Праз гэта музыкі сыгралі ня ўсе песьні, якія плянавалі. Асабліва шкадуюць, што не прагучала «Беларускае золата».

Затое было весела і пазытыўна, сьведчыць лідэр каманды. Пасажыры-гледачы ад усёй душы падтрымалі музыкаў. Задаволенымі засталіся і ў кіраўніцтве «Белавія». Гурт «J:морс» у сваю чаргу запрашае на свой вялікі сольны канцэт «15 гадоў у аблоках», які адбудзецца на Зямлі, у менскім Prime Hall 22 лістапада.

Tuzin.fm