
Believe Digital: у Беларусь ісьці сэнсу няма
Кіраўнік бэрлінскага прадстаўніцтва найбуйнейшага лічбавага дыстрыбутара Believe Digital выказаў меркаваньне адносна пэрспэктываў працы ў Беларусі.
Адкрыцьцё офісу кампаніі ў Беларусі пакуль бачыцца немэтазгодным праз адсутнасьць эканамічнага сэнсу, — такую думку агучыў ў Бэрліне на сустрэчы зь беларускімі прамоўтэрамі і журналістамі Густаў Шпар з кампаніі Believe Digital, якая мае больш за 20 сваіх прадстаўніцтваў у сьвеце. «Прадстаўніцтва можа адкрыцца ў той краіне, дзе ёсьць вялікі рынак, дзе працуе шмат артыстаў, якія могуць зацікавіць аўдыторыю і дзе багата працы па іх прасоўваньні», — зазначыў прадстаўнік кампаніі. Ён адзначыў, што беларускія артысты могуць працаваць праз найблішэйшае прадстаўніцтва Believe Digital, якое знаходзіцца ў Маскве. У абавязкі расейскага Believe Digital якраз уваходзіць адсочваньне падзеяў у суседніх краінах, у тым ліку ў Беларусі.
Believe Digital працуе ўжо 10 гадоў і лічыцца адным з асноўных незалежных дыстрыбутараў лічбавага кантэнту, эфэктыўна прадае альбомы і прасоўвае музычныя відэа, уваходзіць ў лік асноўных партнэраў Youtube ды іншых топавых плятформаў. Зь беларускіх артыстаў на яго падпісаны Ўлад Бубен, які мае пагадненьне з францускім прадстаўніцтвам.
Tuzin.fm, фота news.beatport.com
КАМЕНТАВАЦЬ