Юрыст: Радыё «Віцебск» парушае закон
2468 / 0
26.11.2014

Юрыст: Радыё «Віцебск» парушае закон

На просьбу Tuzin.fm выпадак з адмовай у ратацыі беларускамоўнай песьні пракамэнтаваў юрыст.

Навіна пра тое, што радыё «Віцебск» лічыць нефарматнымі песьні на беларускай мове выклікала палеміку ў сеціве. У прыватнасьці, у суполцы нашага парталу ў Facebook некаторыя карыстальнікі выказалі думку, што радыёстанцыя мае права выбіраць свой фармат вяшчаньня ды адмовіць выканаўцу ў ратацыі, у тым ліку па моўнай прыкмеце і гэта ня будзе пярэчыць закону. Каб дасканала разабрацца ў сытуацыі, мы зьвярнуліся да юрыста Вольгі Сямашкі з просьбай пракамэнтаваць дадзены выпадак з пункту гледжаньня заканадаўства. Прыводзім гэты камэнтар цалкам:

«Ва ўказанай сытуацыі можна казаць аб сьведчаньні дыскрымінацыйнасьці падыхода да функцыянаваньня беларускай мовы ў этэры асобнай радыёстанцыі. Згодна з арт. 6 Закона Рэспублікі Беларусь „Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь“ ад 26 студзеня 1990 г. № 3094-XІ (далей — Закон) усякія абмежаваньні правоў асобы па моўных прыметах недапушчальныя і падлягаюць адказнасьці, у прыватнасьці, па арт. 9.22 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Кіраўніцтву дадзенай радыёстанцыі варта азнаёміцца з Законам і запомніць наступнае:

        У адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь зьяўляюцца беларуская і расейская мовы;

        Грамадзяне маюць права карыстацца іх нацыянальнай мовай і выбіраць мову зносін. Канстытуцыя гарантуе грамадзянам забесьпячэньне права карыстацца роднай мовай, захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасьць;

        У Рэспубліцы Беларусь мовамі ў сфэры культуры і мовамі сродкаў масавай інфармацыі зьяўляюцца беларуская і (або) расейская мовы. Кiраўнiкi, iншыя супрацоўнікі дзяржаўных органаў ды iншых арганiзацыяў (у тым ліку дзяржаўных радыёстанцыяў) павінны валодаць беларускай i расейскай мовамi ў аб’ёме, які неабходны для выкананьня iмi сваiх службовых абавязкаў. Такога абавязку няма для супрацоўнікаў камэрцыйных радыёстанцыяў, але гэта не пазбаўляе апошніх ад абавязку паважаць правы грамадзян на ўжываньне беларускай мовы адвольным чынам (у перапісцы, пры асабістых зваротах, прапанове твораў на беларускай мове для ратацыі, і г. д.)».

Tuzin.fm спадзяецца, што на радыёстанцыі «Віцебск» прымуць да ведама гэтую інфармацыю і перагледзяць этэрную палітыку на карысьць музыкантаў, якія абіраюць мовай выкананьня беларускую. Пагатоў, што і радыё — дзяржаўнае. Наша рэдакцыя гатова дапамагчы калегам з падборам беларускамоўных трэкаў пад патрэбны музычны фармат.

Tuzin.fm