Абвешчаны старт конкурсу на «Басовішча-2016»
4352 / 0
15.12.2015

Абвешчаны старт конкурсу на «Басовішча-2016»

Беларускае аб’яднаньне студэнтаў у Польшчы абвесьціла пачатак конкурсу маладых гуртоў у межах XXVII фэстывалю музыкі маладой Беларусі «Басовішча-2016». Заяўкі прымаюцца да 13 студзеня 2016 году.

«Мы вырашылі абвесьціць прыём заяваў раней, чым звычайна, каб мець больш часу на правядзеньне адбору і падрыхтоўку да самога фэстывалю», — заяўляюць арганізатары конкурсу. Старшыня Беларускага аб’яднаньня студэнтаў у Польшчы Ганна Пякарская кажа, што сёлета вырашана акрэсьліць узроставы цэнз — сярэдні ўзрост удзельнікаў калектыву ня мусіць перавышаць 30 гадоў. Да ўсяго гурт, які хоча падаць заяву, ня можа мець больш за два выдадзеныя альбомы. Ну і звыклае абавязковае патрабаваньне да канкурсантаў — мець пераважна беларускамоўны рэпэртуар.

Заяўкі на ўдзел прымаюцца на скрыню konkurs@basowiszcza.org да 13 студзеня 2016 году. Правілы падачы заяўкі ды ўдзелу ў конкурсе зьмешчаны на афіцыйным сайце «Басовішча» (спампаваць PDF-файл). Фармуляр заяўкі на ўдзел даступны па гэтай спасылцы.

Сёлета конкурс пройдзе ў тры этапы: папярэдні он-лайн адбор, у выніку якога будуць названыя 10 фіналістаў (да 1.02.2016), адборачны канцэрт, па выніках якога будзе адабрана 4 гурты, што паедуць на фэстываль (19.02.2016) і непасрэдна сам конкурс на «Басовішчы-2016» (22 і 23.07.2016). Пераможцы атрымаюць грашовую ўзнагароду, магчымасьць выступіць у другі дзень фэсту, гарантаванае месца ў праграме «Басовішча-2017» ды ратацыю сваіх песень ў этэры «Беларускага Радыё Рацыя».

У розныя гады у конкурсе маладых гуртоў на «Басовішчы» перамагалі «Мясцовы час», «КальЯн», Znich, Rima, Partyzone, Zero-85, :B:N:, Sciana, IQ48, Indiga, Tarpach, Mauzer, Nevma, «Глюкі», Akute ды іншыя. Летась журы вырашыла ўганараваць адразу два гуртыTonqiXod і Navi. За навінамі фэстывалю можна сачыць праз афіцыйныя старонкі ў Facebook і УКантакце.

Tuzin.fm