
«Герояў году — 2014» назавуць Жбанкоў, Hurma і Re1ikt (расклад канцэрту 12.12)
Весьці канцэрт будзе Максім Жбанкоў, а пераможцаў абвесцяць уладальнікі мінулай прэміі.
Музычны інтэрнэт-партал Tuzin.fm традыцыйна падводзіць вынікі году ў дзень супадзеньня магічных лічбаў: «тузін» гэта і ёсць дванаццатка, таму для канцэрту абраная дата 12.12. У гэты дзень будуць абвешчаныя пераможцы ў намінацыях «Адкрыцьцё году» і «Гурт году». У вялікім канцэрце з гэтай нагоды возьмуць удзел па тры прэтэндэнты ў кожнай з намінацыяў — гурт Сяргея Башлыкевіча Leibonik, беларускамоўны індзі-рок гурт Bristeil, заснаваны вакалістам Hair Peace Salon Алегам Вялем, праект Жэні Кучмейны зь Іўя .K і гарадзенскія фольк-панкі Dzieciuki, рамантычны гурт Navi ды чароўная берасьцейская каманда Landau адпаведна.
Найлепшых у кожнай з намінацыяў назавуць уладальнікі леташняй прэміі. «Гэта падзея можа стаць нечым падобным да Новага Году для музыкаў. Пункт, ад якога можна азірнуцца і паглядзець, што ты зрабіў, добра гэта ці не. Я быў вельмі шчасьлівы, калі пачуў, што „Героямі 2013 году“ стаў гурт Re1ikt. Гэта дае неверагодную падтрымку, зараджае энэргіяй больш чым на год! Я думаю, што прызнаньне „Героямі“ дапамагае кожнаму музыку рабіць сваю нялёгкую, але добрую справу», — кажа Алесь Дземідзенка, лідэр мінулагодніх «Герояў году». «Калі цябе называюць дэбютам году, табе даюць аванс. Летась дзякуючы прэміі „Тузіна“ на нас зьвярнулі ўвагу музычныя крытыкі і новыя слухачы», — заўважае Мікіта Найдзёнаў, лідэр гурта Hurma.
Акром таго, на канцэрце 12 сьнежня будуць адзначаныя пераможцы ў намінацыях «Кліп сэзону», «Альбом сэзону» і «Песьня сэзону» паводле галасаваньня cлухачоў на партале Tuzin.fm. З гэтай нагоды з сэтам на прэміі выступіць «Аляксандра і Канстанцін» пашыраным складам. Менавіта іх альбом «М1» быў прызнаны найлепшым.
Весьці канцэрт будзе Максім Жбанкоў, вядомы сваімі артыкуламі пра стан сучаснай культуры, яскравымі прамовамі, лекцыямі і тэлеперадачамі.
Ніжэй падаецца расклад вечару 12.12 у клюбе «Піраты»:
19:00 Bristeil
19:25 Navi
19:40 Landau
20:10 A&K
20:20 Leibonik
20:45 .K
21:05 Dzieciuki
21:30 біс-сэт «Герояў году»
КАНЦЭРТ «ГЕРОІ ГОДУ» АД ПАРТАЛУ TUZIN.FM — КВІТКІ НАБЫЦЬ ТУТ
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ