Сяргей Будкін і Франак Вячорка пра культурніцкія трэнды мінулага году (відэа)
Галоўны рэдактар парталу Tuzin.fm Сяргей Будкін і грамадзкі актывіст ды журналіст «Радыё Свабода» Франак Вячорка сталі гасьцямі праграмы «Два на два» на тэлеканале «Белсат».
Вядучых праграмы Паўла Мажэйку і Зьмітра Гурневіча цікавіла наколькі багатым і насычаным у культурным пляне атрымаўся 2014 год у Беларусі, ці можна казаць пра пэўныя зрухі ва ўспрыманьні беларускага культурнага прадукту ў грамадзтве. Абмяркоўваліся самыя яскравыя праекты і асобы гэтага году. Франак Вячорка, адзін з суаўтараў «вышываначнага цуду» ў 2014 годзе настроены пазытыўна ў ацэнцы падзеяў: «Я заўважыў сталеньне беларусаў як нацыі. Гэта адраджэнская хваля прыгадала мне канец 80-х — пачатак 90-х, калі беларускае стала патрэбным як паветра. І цяпер для беларусаў, якія прыходзяць на беларускамоўныя мерапрыемствы ці апрануюць вышыванку, гэта стала грамадзкім вычынам», — зазначыў Франак. Галоўрэд Tuzin.fm такой эўфарыі не падзяляе: «Мы з сваімі праектамі пастваралі прасторы, якія з рэальнай прасторай маюць слабыя дачыненьні, таму што калі я выходжу ў горад і намагаюся нешта сказаць па-беларуску, то сутыкаюся з тымі ж праблемамі, што і 10 гадоў таму. Я ня ўбачыў, што ў сьвядомасьці людзей на вуліцы нешта зьмянілася. Гэта праца далёка наперад. Плён працы Франака і „Тузіна“ мы ўбачым праз гадоў 10—15», — мяркуе Сяргей Будкін.
Праграма «Два на два» выйшла ў этэр 6 студзеня 2015 году.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ