
«СьпіноюДаСонца: Вышэй за зоры!» далі свой адказ Рыяне з Эмінэмам (аўдыё)
Гурт «СьпіноюДаСонца: Вышэй за зоры!» прадставіў новую песьню «Каханьне».
«Не судзіце нас строга», — просяць музыкі, прадстаўляючы свой новы трэк. Лідэр каманды Мікола Скрабец кажа, што задума гэтай песьні нарадзілася яшчэ 3—4 гады, у час юнацкага максымалізму, час, які поўніўся каханьнем ды расчараваньнямі. Пра гэта ўласна і песьня, якая выйшла ў пэўным сэнсе адказам Эмінэму з Рыянай. Разам зь Мікалаем яе выканала Кацярына Цялега.
У 2015 годзе «СьпіноюДаСонца: Вышэй за зоры!» мяркуюць перайсьці на іншы ўзровень. «Прынамсі ўсе інструмэнты будзем запісваць выключна ўжывую, ніякіх мідзі-сьцежак», — заяўляе лідэр каманды. У найбліжэйшы час музыкі прадставяць яшчэ адну дуэтную песьню, запісаную з адным вядомым беларускім гуртом, назва якога пакуль не раскрываецца.
Сёлета музыкі зьбіраюцца запісаць дэбютны альбом. Ён будзе набліжаны на фармату аўдыёспэктаклю і выйдзе на двух дысках. Цяжкі саўнд гурта мяркуецца ўпрыгожыць гукамі прыроды ды народнымі інструмэнтамі.
У найбліжэйшы час «СДС» зьбіраецца сыграць два канцэрты ў роднай Горадні, а потым накіравацца на скарэньне Менску.
Яшчэ: «СДС». Адвернутыя ад сонца (прэзэнтацыя максі-сынглу)
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ