Шыкоўна! Прыджазаваная «Купалінка» ў выкананьні дуэту Селязьнёва-Маркуц (відэа)
Відэа славутай беларускай песьні ў новай інтэрпрэтацыі распачынае новы праект плятформы Litara-A.
Праект Litara-A стартаваў зь відэа-вершаў — юнакі і дзяўчаты з пачуцьцём і натхненьнем чытаюць на камэру клясычныя і сучасныя творы і завабліваюць у сьвет беларускай літаратуры іншых. Цяпер стваральнікі праекту хочуць узяцца і за сьпяваную паэзію. «Глябальна мы папулярызуем беларускую культуру празь літаратуру і разьвіваем гэтую ідэю ў некалькіх кірунках — вершы, проза, а цяпер і музыка. Зьбіраемся надаць новае гучаньне вядомым беларускім творам», — распавёў Tuzin.fm пра сваю мэту адзін з кіраўнікоў Litara-A Дзяніс Бурко.
Першай музычнай спробай стаў відэаролік, зьняты Андрэем Сьвятловым. Сьпявачка Аліса Селязьнёва (Зелянкевіч), вядомая раней у якасьці ўдзельніцы гурта Jah#ponica, а цяпер праекту GIO ды знаны гітарыст Андрэй Маркуц (ex-«Рэй», Flammable, Neo, цяпер — MarkutsBand, HandmadE) зрабілі сваю — прыджазаваную — вэрсію «Купалінкі». Гэты твор быў напісаны кампазытарам Уладзімерам Тэраўскім на народны тэкст ў апрацоўцы Міхася Чарота для спэктаклю «На Купальле» ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя. «Купалінку» выконвалі «Песьняры» і «Сябры», Ліка Ялінская і Ірына Дарафеева, Данчык і Аляксандар Рыбак, Litvintroll і нават Deep Purple.
Праект пад працоўнай назвай «Сьпяваная паэзія» працягнецца як у віртуальнай, так і рэальнай прасторы. Калі набярэцца дастаткова матэрыялу, мяркуецца зладзіць канцэрт.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ