Павал Герасімовіч. Мары зьдзяйсьняюцца (аўдыёпрэм’ера)
Выканаўца зь Менску паступова ажыцьцяўляе тое, пра што марыў з 15 гадоў. На Tuzin.fm ён прадстаўляе свой першы беларускамоўны трэк, які так і завецца — «Мара».
Стаць сьпеваком Павал прагнуў яшчэ з школьных часоў, але праз жыцьцёвыя абставіны давялося адкласьці гэтыя намеры. Але не адмовіцца ад іх увасабленьня. Ён вярнуўся да музыкі ў 28 гадоў, калі ўжо меў сям’ю і сваю справу. Цяпер Паўлу 32 гады, ён бацька двух дзяцей, кампазытар, паэт-песеньнік, аранжыроўшчык, гукарэжысэр і саўндпрадусар. Зусім нядаўна ён адкрыў прадусарскі цэнтар InstarMusic. Зьбіраецца займацца ня толькі сваёй творчасьцю, але і прасоўваць цікавыя беларускія музычныя праекты.
На Tuzin.fm Павал Герасімовіч прадстаўляе свой першы беларускамоўны трэк — «Мара». Тэкст для яго напісаны яшчэ 17 гадоў таму. «Ён быў вельмі простым, ажно занадта, таму мне дапамог мой сябра Максім Падаляк, які стварыў новы тэкст з выкарыстаньнем некаторых выразаў з старога», — распавядае выканаўца. Неўзабаве ён хоча давесьці да ладу яшчэ дзьве беларускамоўныя кампазыцыі, якія цалкам напісаў сам.
Сачыць за навінамі Паўла Герасімовіча можна празь яго афіцыйную суполку.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ