Akute ў абноўленым складзе заяўлены ў хэдлайнэрах украінскага «Razomfest»
3078 / 0
16.03.2015

Akute ў абноўленым складзе заяўлены ў хэдлайнэрах украінскага «Razomfest»

На фэсьце ў Львове, які гуртуе найлепшыя індзі-каманды Ўкраіны, беларусы сыграюць абноўленым складам.

«Razomfest» пройдзе ў два дні 1 і 2 траўня. На ім выступяць гурты Pur:Pur, Vivienne Mort, Epolets ды іншыя. Летась у ім узяла ўдзел беларуская сьпявачка Паліна Рэспубліка, а сёлета запрасілі Akute. Акром таго ў Akute заплянаваны невялікі эўратур, яны наведваюць з канцэртамі Варшаву, Уроцлаў і Прагу. Увесну дадуць некалькі выступаў і на Радзіме — у Менску, Магілёве і Віцебску.

Да ўсіх гэтых канцэртаў Akute рыхтуецца ў абноўленым складзе. Стас Мытнік і Раман Жыгараў запрасілі ў сваю каманду дзяўчыну — бубначку, якую ведаюць пад імём Vicky Fates (на фота). Яна грае ў гурце Avias і зьяўляецца эндорсэрам некалькіх сусьветных брэндаў, якія па дамове прадстаўляюць ёй інструмэнты забясплатна, а яе кавэр на песьню «Up in the Air» ацанілі ўдзельнікі 30 Seconds to Mars. Летась Akute разьвіталіся зь вядомым бубначом з Магілёву Паўлам Філатавым, які граў у камандзе некалькі гадоў, паспрабавалі супрацоўнічаць зь Міхаілам Рубіным зь Віцебску, але неўзабаве адмовіліся. Разьвітаньне зь Мішам атрымалася балючым — 20-гадовы музыка моцна абразіўся такім абыходжаньнем ды напісаў усё, што ён на гэты конт думае, зьвінаваціўшы сваіх былых калегаў у сквапнасьці, алькагалізьме ды навязваньні нацыяналістычных лёзунгаў. Стас з Ромам паставіліся да скандальнай заявы з іроніяй: «У гэтых словах няма лёгікі, а ўсе факты перавернуты дагары нагамі. Мы вымушаныя былі разьвітацца, бо Міша не задавальняў нас у прафэсійным пляне, нічога асабістага», — патлумачыў Раман Жыгараў.

З новаю бубначкаю Akute ўпершыню мае выступіць 17 красавіка на канцэрце, прысьвечаным Ягору Летаву.

Tuzin.fm