2484 / 0
17.03.2014

Dzieciuki далі ў Эўропе 14 канцэртаў за 14 дзён (відэа)

Гарадзенскі гурт вярнуўся з туру па Эўропе, у межах якога даў 14 канцэртаў у пяці краінах.

Тур у падтрымку дэбютніку «Гарадзенскі гармідар» музыкі пачалі 22 лютага з канцэрту ў Менску. Наступны выступ у Берасьці быў забаронены мясцовым КДБ. 1 сакавіка Dzieciuki гралі ў Кракаве, потым былі Брно, Вена, Прага, Бэрлін, Лодзь ды іншыя гарады. Гурт канцэртаваў па пяці краінах — Польшчы, Нямеччыне, Чэхіі, Славаччыне і Аўстрыі. Скончыўся тур канцэртам 15 сакавіка ў Варшаве.

Па вяртаньні на Радзіму вакаліст гурта Алесь Дзянісаў падзяліўся ўражаньнямі ад паездкі з Tuzin.fm: «Тур прайшоў вельмі ўдала. Акром заплянаваных здарыліся і раптоўныя канцэрты. Напрыклад, злабалі ў акустыцы ў бары пры адным бэрлінскім сквоце, на якім жылі. Наш выступ у Катовіцах у самы апошні момант перанесьлі ў Чэнстахова, але збольшага ўсё прайшло, як і меркавалася. Мы пабачылі шмат прыгожых гарадоў, пазнаёміліся з сотнямі людзей, лабалі на сцэне зь мясцовымі камандамі. Усё гэта бясцэнны вопыт і, канечне, непараўнальныя эмоцыі».

Сярод канцэртаў музыка вылучае апошні з туру — варшаўскі, але астатнія былі нічым ня горш. І цікавасьць публікі была адчувальная. У Пэзіноку, прыгарадзе Браціславы, Dzieciuki наогул не чакалі нікога пабачыць, але і там ім зладзілі цёплы прыём.

«Пасьля паездкі ў нас ва ўсіх два пачуцьці — эўфарыя і дэпрэсія. Самае вялікае адрозьненьне тых краінаў, дзе мы пабывалі ад Беларусі ў атмасфэры і адносінах між людзьмі. Там няма страху, ёсьць узаемная павага і ветлівасьць. Пра гэта не распавядзеш. Гэта трэба адчуваць», — кажа Алесь Дзянісаў.

Альбом «Гарадзенскі гармідар» гурта Dzieciuki можна паслухаць і спампаваць на Tuzin.fm.

Tuzin.fm

Першы канцэрт туру ў кракаўскім клюбе Piękny Pies 1 сакавіка. Выступ гурта Dzieciuki падтрымала мясцовая фольк-панк фармацыя Hańba!

Тэгi: