
Гурт Hurma зьмяніў вобраз (фотасэсія + песьня)
Напярэдадні рэлізу дэбютнага альбому «Repeat» гурт абнавіў склад, зьняўся ў элегантнай фотасэсіі і прэзэнтаваў самотнік.
Склад гурта Мікіты Найдзёнава зьмяняецца настолькі часта, што дае падставы для жартаў. «Столькі музыкаў хоча з намі граць, што трэба даць магчымасьць паспрабаваць кожнаму, — кажа лідэр каманды. — А калі сур’ёзна, дык у нас праект некамэрцыйны, таму няпроста знайсьці добрых музыкаў, якія б падзялялі нашу ідэю ды гатовыя былі б за яе граць». Цяпер у склад гурта Hurma акрамя Мікіты ўваходзяць басіст Максім Ганця, бэк-вакаліст Аляксей Куляшоў, бубнач Зьміцер Рынейскі.
Музыкі практычна скончылі працу над дэбютным альбомам, які атрымае назву «Repeat». Нядаўна была прэзэнтаваная ў выглядзе самотніка песьня з гэтага дыску — «Як сэрца мільёнаў», запісаную з хорам сяброў і прыхільнікаў гурта. Аранжыроўкай і прадусаваньнем трэку займаўся Даніель Перцаў.
Напярэдадні рэлізу дыску гурт зьняўся ў фотасэсіі разам з прыгожымі дзяўчатамі на прапанову моднага блогу Personal Styles Hopper. Новы стыль прыйшоўся даспадобы музыкам, так што яны цяпер часьцей зьяўляюцца ў кашулях і пінжаках.
Ужывую гурт Hurma можна будзе пачуць 19 сакавіка на сольным канцэрце ў менскім Jack Club. Сачыць за навінамі камады можна празь іх афіцыйную суполку.
Tuzin.fm, фота Ганны Грыбцовай
Tuzin.fm
нічога такія хлопчыкі)
КАМЕНТАВАЦЬ