Моўчан vs. Naka. Шпакоўская падала пазоў у адказ
3091 / 0
24.03.2015

Моўчан vs. Naka. Шпакоўская падала пазоў у адказ

У Вярхоўным судзе адбылося другое паседжаньне па разглядзе пазову аб парушэньні выключных аўтарскіх правоў Алега Моўчана да сьпявачкі Насты Шпакоўскай.

Адказчыца ў справе, вакалістка гурта Naka Наста Шпакоўская на самым пачатку паседжаньня хадайнічала аб сустрэчнай позьве да Алега Моўчана — аб аспрэчваньні права аўтарства. Падставай для пазову стала тое, што твор «Малітва» быў створаны ў суаўтарстве з калектывам дзяржаўнага ансамбля «Песьняры» для праграмы «Голас душы», калі Моўчан уваходзіў у яго склад і атрымліваў заробак за сваю працу. Таксама былі прадастаўленыя дакумэнты, якія сьведчаць, што на падрыхтоўку праграмы «Голас душы» былі вылучаныя грошы з бюджэту дзяржавы. Да ўсяго сам аўтар казаў, што ствараў песьню на задуму Ўладзімера Мулявіна і пры яго непасрэдным удзеле. Не кажучы ўжо пра тое, што твор, як адзінае цэлае быў створаны ня толькі творчай працай Моўчана, але ў суаўтарстве, бо тэкст узяты ў Янкі Купалы. У сувязі з гэтым Наста Шпакоўская папрасіла ўстанавіць суд факт прыналежнасьці выключных правоў на музычны твор «Малітва» за беларускім дзяржаўным ансамблем «Песьняры», а таксама спагнаць з Моўчана судовыя выдаткі ў гэтай справе. Кампазытар з гэтым не пагадзіўся і даў тлумачэньні — Мулявін прапанаваў яму зрабіць такую песьню, але дамовы на гэты конт складзена не было і правы былі аформленыя за ім.

Агулам паседжаньне цягнулася каля трох з паловай гадзінаў. Суд заслухаў сьведкаў у справе — музыкаў гурта Naka Аляксея Паўловіча, Зьмітра Харытановіча, саўндпрадусара, які запісваў песьню — Анатоля Шманая, а таксама прадусара праекту Сяргея Будкіна, які заявіў, што аўтарскае адлічэньне за канцэртнае аднаўленьне песьні «Малітва» гуртом Naka было сплочана адразу ж пасьля яе выкананьня праз Цэнтар абароны інтэлектуальнай уласнасьці, а да ўсяго прапанаваная дадатковая кампэнсацыя ў памеры 2 500 000 рублёў. Судзьдзя Іна Цысік абвесьціла пасьля гэтага перапынак. Паседжаньне працягнецца ў 10:00 25 сакавіка.

Tuzin.fm, фота з залі суда Алега Грузьдзіловіча, Радыё Свабода